Ва Украіне арыштавалі прадукцыю "Беларуськалія" і "Уралкалія" на мільёны долараў
Украіна арыштоўвае маёмасць з Беларусі і Расіі / esbu.gov.ua
Ва Украіне арыштавалі прадукцыю "Беларуськалія" і "Уралкалія" на мільёны долараў. Пра гэта паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны. Гэта — 170 вагонаў з 11,8 тысячы тон угнаенняў на суму каля 100 мільёнаў грн (2,7 млн долараў).
Па даных следства, вагоны з мінеральнымі ўгнаеннямі трапілі ва Украіну яшчэ да 24 лютага 2022-га. Яны знаходзіліся ў Мікалаеве ў порце "у рэжыме "транзіт". У якую краіну збіраліся адправіць груз, не ўдакладняецца. Цяпер жа ён перададзены Нацыянальнаму агенцтву па пытаннях выяўлення, вышуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў.
Бюро эканамічнай бяспекі Украіны дадае, што частку груза нелегальна прадавалі ва Украіне. Страты ўкраінскага бюджэту ацанілі на 10 млн грн. Расследуецца справа "аб ухіленні ад выплаты падаткаў, збораў".
Украіна арыштоўвала падобныя грузы, маёмасць Беларусі і Расіі на працягу 2022 года, працягваецца гэта і сёлета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.