Ва Украіне на 4 гады асудзілі беларуса з "Правага сектара"
28-гадовы Дзмітрый Лісковіч асуджаны разам з яшчэ чатырма сябрамі арганізацыі.
22 чэрвеня Абалонскі раённы суд Кіева вынес прысуд пяці сябрам арганізацыі "Правы сектар". Сярод падсудных быў і беларус Дзмітрый Лісковіч, піша nn.by.
Хлопцы былі асуджаныя за выкраданне і збіццё чалавека. Але абарона агучыла зусім іншую версію здарэння. Нібыта, у траўні 2014 года ў "Правы сектар" прыйшла жанчына, якая прасіла абараніць сваё жыллё ад рэйдарскага захопу. Прадстаўнікі "Правага сектара" адгукнуліся на яе просьбу. А чалавек, ад якога нібыта абаранялі жыллё, падаў у суд на хлопцаў.
Суд прызначыў усім хлопцам па чатыры гады зняволення. Акрамя беларуса Лісковіча сярод асуджаных — грамадзянін Расіі Міхаіл Стрэлкін, які паўтара года таму прыехаў ва Украіну для падтрымкі Майдана. Таксама асуджаныя тры украінцы — Аляксандр Полугарбатаў, Андрэй Дземчанка і Андрэй Піпенка.
Па словах сяброў асуджаных, жанчына, за якую яны заступаліся, адстаяла кватэру. Яна прыходзіла на суд і плакала пасля абвяшчэння выраку. Пацярпелы на працэсе не з’яўляўся, бо ён цяпер жыве за мяжой.
На фота nn.by — Дзмітрый Лісковіч крайні справа