Вaлерый Булгакаў: Спецслужбы хочуць кантраляваць рынак кніжнай прадукцыі

Еўрарадыё: З чым звязваеце пераслед часопіса?


Вaлерый Булгакаў: Гэта цяжкае пытанне і ў мяне няма адназначнага адказу. Гэта ляжыць у адным рэчышчы з падзеямі, якія звязаныя з пераследам гарадзенскай інтэлігенцыі, з аўтарамі падручніка “Гродназнаўства”. Хачу звярнуць увагу, што маё затрыманне 14 верасня ў Гародні супала са звальненнем выкладчыка Андрэя Чарнякевіча, аднаго з аўтараў “Гродназнаўства”. Больш глабальная прычына — гэта тое, што беларускія спецслужбы хочуць кантраляваць рынак кніжнай прадукцыі, хочуць кантраляваць альтэрнатыўныя праекты беларускай інтэлігенцыі. Часы мяняюцца, калі яшчэ 10-15 гадоў у дзяржавы кнігі і меркаванні беларускай інтэлігенцыі не выклікалі інтарэсу, хутчэй, я казаў бы пра агідна-нейтральнае стаўленне, то цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Магчыма, гэта звязана з ростам сацыяльнай вагі і рэзанансу творчых асяроддзяў. Калі казаць пра непасрэдна нашу сітуацыю, то атака 14 верасня падатковай службы, гэта была аперацыя, якая паслужыла пускавым механізмам для больш жорсткіх і непрадказальных працэсаў.

 

Еўрарадыё: Можа, прычына пераследу — гэта не толькі спроба кантраляваць рынак беларускай друкаванай прадукцыі, але і спроба кантраляваць грамадскую актыўнасць інтэлігенцыі? Бо прэзентацыя кнігі “Саветызацыя Заходняй Беларусі” аўтарства Яна Шумскага, 14 верасня ў Гародні сабрала калі 200 слухачоў.


Валерый Булгакаў: Галоўнае пытанне — гэта кантроль над розумам. Гэта таксама кантроль над тым станам беларускай ідэнтычнасці, які дазваляе А. Лукашэнку трымаць уладу 18 гадоў. Бо што б ні казалі нашы эксперты, менавіта ідэнтычнасць пост-савецкага расейскамоўнага беларуса, які ўзгадаваны на каланіяльнай расейскай гісторыі, з’яўляецца прычынай трываласці і стабільнасці сённяшняга рэжыму. Не выпадкова, што аб’ектам для атакі выступілі 2 публікацыі, адна з якіх асвятляе ўвесь драматызм працэсу саветызацыі Беларусі. І дэканструкцыя саветызацыі і канструяванне еўрапейскай гісторыі таго ці іншага гораду акурат і ёсць тымі выклікамі для сённяшняга рэжыму.

 

Еўрарадыё: Ці азначаюць гэтыя канфіскацыі, штрафы, закрыццё банкаўскага рахунка і ўсё астатняе спыненне выхаду часопіса ў папяровым фармаце ці спыненне ўсёй выдавецкай дзейнасці пад маркай “Архэ”?

 

Валерый Булгакаў: Безумоўна ў кароткачасовай перспектыве гэта азначае крах таго “Архэ”, які быў. Рахунак заблакаваны, мы не можам яго выкарыстоўваць для бягучай актыўнасці. Мы не можам выканаць сваіх абавязкаў перад падпісчыкамі, мы не можам выдаць наступны нумар. Але “Архэ” — гэта не газета з накладам 200 тыс. асобнікаў. Гэта досыць камерны, нізкатыражны праект, які можна друкаваць і ў агрэсіўных варунках. Калі мы ўбачым, што гэты стан “паралюшу” навечна, калі мы ўбачым, што Міністэрства інфармацыі ініцыюе скасаванне рэгістрацыі, то мы будзем прадумваць іншыя варыянты. Але ўсе гэтыя разважанні маюць сэнс, калі не дойдзе да крымінальнай справы ў дачыненні да мяне ці да іншых супрацоўнікаў рэдакцыі.

 

Еўрарадыё: Калі закранаць тэмы крымінальнай адказнасці, падобна на тое, што сітуацыя вакол “Архэ”, можа стаць у нечым аналагічнай “справе Алеся Бяляцкага”. Як думаеце ці выгадна цяпер рэжыму абвастраць сітуацыю з Захадам? Ці справу могуць прытрымаць да моманту, калі гэтыя адносіны трэба будзе пагоршыць?

 

Валерый Булгакаў: Адпаведныя кантрольныя органы цяпер распачынаюць вельмі дэталёвы маніторынг нашай актыўнасці за апошнія гады, і калі яны здолеюць накапаць кампрамат, то крымінальная справа будзе распачатая. Калі дапушчаныя правапарушэнні, яны мусяць быць выяўленыя, і вінаватыя мусяць панесці адказнасць, гэта прававая сітуацыя, якую я не хацеў бы звязваць з адносінамі паміж Беларуссю і Захадам. Але рэчы, якія з намі адбываюцца, маюць беспрэцэндэнтны характар: “Архэ” за сваю гісторыю дзейнасці перажыў тры праверкі, гэтая чацвёртая па сваёй брутальнасці пераўзыходзіць усе папярэднія. Напрыклад, 2 лістапада наш бухгалтар панясе ўсе дакументы пра дзейнасць часопіса за апошнія 3 гады, а гэта тычыцца 19 выдадзеных пазіцый. Складаецца ўражанне, што робіцца стаўка на тое, каб знайсці нейкі кампрамат, які зможа стаць падставай для абвінавачвання.

 

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі