Васілевіч: Трэба не мяняць Канстытуцыю, а дакладна выконваць яе нормы

Даведка Еўрарадыё: Рыгор Васілевіч — з 1990 па 1994 гады намеснік кіраўніка працоўнай групы па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі Беларусі, з 1994 года суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі, у лістападзе 1996 года працаваў над “прэзідэнцкім варыянтам” Канстытуцыі, з 1997 старшыня Канстытуцыйнага суда. На сённяшні дзень загадчык Кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ.

Еўрарадыё: Сёння ў Беларусі адзначаецца дзень Канстытуцыі. Наш галоўны закон мяняўся некалькі разоў, але якія на ваш погляд былі самыя знакавыя змены і калі?

Рыгор Васілевіч: Самых вядомых і знакавых зменаў было некалькі. 24 лістапада 1996 года праводзіўся рэферэндум паводле прапанаваных прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам зменаў. І на тым рэферэндуме падтрымалі змены, якія прапанаваў прэзідэнт. Гэта былі найбольш буйныя змены: яны крыху перафарматавалі сістэму ўлады. А другія знакавыя змены былі ўнесеныя 7 кастрычніка 2004 года — па пытанні аб тэрмінах прыбыцці на пасадзе (з Канстытуцыі прыбралі палажэнне, якое абмяжоўвала права адной асобы выбірацца прэзідэнтам болей чым на два тэрміны запар — Еўрарадыё).

Асадка, якой падпісвалі першую Канстытуцыю, знікла (фота)

Еўрарадыё: Ці пайшлі гэтыя змены на карысць нашай Канстытуцыі і нашаму грамадству?

Рыгор Васілевіч: Трэба падзяляць канстытуцыйны тэкст ад таго, як рэалізуецца Канстытуцыя. У прынцыпе, калі дакладна выконваць канстытуцыйныя прадпісанні, канстытуцыйныя нормы, якія ёсць у дзеючай рэдакцыі Канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 года, то і гэта Канстытуцыя, і канстытуцыйная рэчаіснасць павінныя служыць інтарэсам грамадзян і грамадству агулам. Пытанне ў выкананні канстытуцыйных норм. Гэтак жа як ноты ў музыцы: яны напісаныя, але адзін іх добра грае, а другі — не вельмі.

Еўрарадыё: Нам кажуць, што Канстытуцыя — галоўны закон у дзяржаве. Гэта сапраўды так у нашым выпадку?

Рыгор Васілевіч: Для мяне яна самы галоўны закон. Гэта я магу сказаць адназначна!

Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што можа прыйшоў час для ўнясення новых знакавых зменаў у беларускую Канстытуцыю?

Рыгор Васілевіч: Не лічу, што ёсць нейкая вострая неабходнасць у такіх зменах. Размова ідзе пра дакладнае выкананне існуючай Канстытуцыі. На гэту тэму можна шмат разважаць. У тым ліку, і з пазіцыі тых людзей, якія не ўспрынялі дзеючую рэдакцыю. Мне падаецца, што яны дапусцілі памылку, калі было супрацьстаянне, і іх праект (зменаў у Канстытуцыю — Еўрарадыё) не прайшоў. Іх памылка была ў тым, што яны дапусцілі крытыку канстытуцыйнага тэксту, прыніжаючы такім чынам каштоўнасць канстытуцыйных норм. З часам мы ўпэўніліся, што Канстытуцыя, у цэлым, выконвае сваю місію: заканадаўства абноўлена значна, кодэксы і законы новыя. Іншая справа, што дастаткова шмат людзей, якія рэалізуюць гэтыя прававыя нормы, і якія апроч Кодэксу за гэтыя дзесяцігоддзі нічога іншага больш не чыталі. І як яны былі “зашораныя” ў сваім уяўленні таго, як трэба рэалізоўваць дзеючае заканадаўства, так яны і працуюць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі