Улады плануюць змяніць Канстытуцыю, а пасля спытаць на гэта дазвол у людзей
Для гэтага неабходна будзе правесці рэферэндум. Але эксперты сумняваюцца ў законнасці менавіта такой паслядоўнасці правядзення судовай рэформы.
Правесці судовую рэформу загадаў кіраўнік дзяржавы сваім падначаленым. Прычым хутка, не зацягваючы працэс “мадэрнізацыі”. Іншая справа, што гэты працэс закране і Канстытуцыю. У якой змяняць нават дробязь немагчыма без атрымання адпаведнага дазволу падчас усенароднага рэферэндуму.
Найперш гэта тычыцца Вышэйшага гаспадарчага суда. Калі гаспадарчыя суды скасоўваць, аб’ядноўваючы з агульнымі судамі, то неабходна любыя згадкі пра яго выкрасліць з Канстытуцыі. Калі чакаць рэферэндуму?
“У нас адсутнічае хоць нейкая інфармацыя, датычная гэтага”, — расчароўвае Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, рашэнне аб правядзенні рэферэндуму прымае кіраўнік краіны. Пакуль інфармацыі пра такі намер не агучвалася.
Але як жа з хуткасцю выканання пастаўленай кіраўніком краіны задачай? Супрацоўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі лічаць, што знайшлі выйсце.
“Аб’яднанне агульных і гаспадарчых судоў у адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі магчыма без папярэдняй карэкціроўкі Канстытуцыі, але са змяненнем яе ў частцы згадкі аб Вышэйшым гаспадарчым судзе ў будучыні”, — лічыць намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Міцкевіч падчас адпаведнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
А каб усё было яшчэ больш “правільна”, адмыслова створаная група па падрыхтоўцы рэформы судовай сістэмы на чале з Міцкевічам падрыхтавала праекты спецыяльнага дэкрэта і двух указаў. Маўляў, спачатку абноўленая судовая сістэма будзе існаваць і дзейнічаць паводле іх, а потым усё гэта будзе замацавана ў Канстытуцыі.
Законнасць менавіта такой паслядоўнасці правядзення судовай рэформы выклікае сумнеў у былога Генпракурора, загадчыка кафедры Канстытуцыйнага права юрфака БДУ Рыгора Васілевіча.
Рыгор Васілевіч: “Намеснік кіраўніка адміністрацыі прызнае, што прапанаваныя змены судовай сістэмы закранаюць канстытуцыйны тэкст, які пасля будзе скарэктаваны. Увогуле, паводле агульнапрынятых правілаў, з канстытуцыйных зменаў і адбываюцца потым змены законаў, кодэксаў, іншых актаў заканадаўства. А не наадварот”.
З гэтым згодны былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў.
Валеры Фадзееў: “Згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнт мае права выдаваць дэкрэты, якія маюць часовую моц. Але ж справа ў тым, што гэтыя дэкрэты не могуць змяняць Канстытуцыю і вырашаць пэўныя іншыя рэчы — так прапісана ў Канстытуцыі. Таму, я думаю, самае правільнае — унесці змены ў Канстытуцыю, а потым прымаць рашэнне наконт такой рэформы”.
І не спяшацца ў гэтым пытанні, хоць сама рэформа судовай сістэмы па прапанаванай уладамі схеме даўно патрэбная, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё. І нагадвае, што менавіта такім, законным, шляхам цяпер ідзе такое рэфармаванне ў Расіі.
Ці можа нешта накіраваць запланаваную судовую рэформу па законным рэчышчы?
Рыгор Васілевіч: “Да прыкладу, дэкрэт (кіраўніка краіны наконт рэфармавання судовай сістэмы. — заўв. Еўрарадыё) будзе разглядацца ў парламенце. Дэкрэт можа быць прадметам тлумачэння Канстытуцыйным судом”…
Вось толькі для таго, каб канстытуцыйную адпаведнасць “судовага” дэкрэта кіраўніка краіны праверыў Канстытуцыйны суд, яго туды павінен накіраваць той жа парламент. А Валеры Фадзееў моцна сумняваецца, што нашы парламентарыі на гэта пойдуць.
Цікава: ні ў каго нават думкі не ўзнікае наконт верагоднасці таго, што грамадзяне Беларусі не падтрымаюць унясенне “судовых” правак у Канстытуцыю.
Фота: Змітра Лукашука