За якія грошы чыноўнікі будуюцца ў Драздах?
1 траўня “Наша Ніва” публікуе “адзін з найважнейшых дакументаў нашай эпохі” ― спіс уладальнікаў катэджаў у Драздах. Паводле таго спісу, у элітным пасёлку на ўскрайку Мінска збудавалі сабе жыллё асабліва прыбліжаныя да кіраўніка Беларусі людзі ― ад чыноўнікаў вышэйшага звяна да бізнесменаў.
Кошт будаўніцтва катэджа ў Драздах, паводле артыкула, вагаецца ад 40 да 200 тысяч долараў, а рынкавы кошт гатовага жылля ― ад 1 мільёна долараў і вышэй. Лічбы, пагадзіцеся, уражваюць. І калі з бізнесменамі ўсё зразумела, то да чыноўнікаў пытанне застаецца: “Адкуль грошы на такое будаўніцтва?”.
Сярод тых 112 “асабліва набліжаных” усё ж знаходжу людзей, якім гэтае пытанне наўпрост і адрасую.
“Ну, па-першае, я прадала кватэру, ― тлумачыць паходжанне сродкаў на будаўніцтва катэджа ў Драздах старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. ― Па-другое, у мяне былі пэўныя накапленні. А па-трэцяе, я пазычыла ў сваіх вельмі заможных сябровак. Гэта прыватныя натарыусы ў горадзе Калінінградзе. Абышлося мне будаўніцтва прыблізна ў 300 тысяч умоўных адзінак”.
Цікава, што зусім нядаўна, у інтэрв’ю Еўрарадыё Ярмошына сцвярджала, што яе катэдж у Драздах ― гэта “службовае жыллё”, і скардзілася на вялікую квартплату.
Еўрарадыё: Катэдж у Драздах, дзе вы цяпер жывяце, вам не належыць?
Лідзія Ярмошына: Гэта службовае жыллё. За якое я, дарэчы, плачу немаленькую квартплату, сама прыбіраюся, сама займаюся праннем пасцельнай бялізны…
Еўрарадыё: Немаленькая квартплата — гэта колькі?
Лідзія Ярмошына: Нягледзячы на тое, што зімой мы плацім 50% за газ, за апошні месяц я заплаціла 230 рублёў. Гэта нямала, старымі гэта 2 мільёны 300 тысяч! Зімой я скарыстоўваю прыкладна тысячу кубаметраў газу, а самае вялікае ў квартплаце —менавіта кошт газу.
Еўрарадыё: Пойдзеце на пенсію, службовае жыллё ў Драздах забяруць — дзе жыць будзеце?
Лідзія Ярмошына: Пераеду ў свой дом. У мяне ж ёсць і ўласны дом — цяпер там сын жыве, даглядае яго. Нам там хопіць месца дваім. Я туды на выходныя хаджу: прыбіраю там, летам кветкі розныя…
Мае катэдж у элітным пасёлку і былы старшыня Канстытуцыйнага суда ды Генпракурор Рыгор Васілевіч. Будаваўся ён на пачатку 2000-х, адпрацаваўшы тры гады на пасадзе старшыні КС.
“У мяне, безумоўна, і свае сродкі былі, і крэдыт ― здаецца, адсоткаў пад 18 у мяне быў крэдыт… 18 ці 14% крэдыт быў, я ўжо цяпер дакладна і не памятаю. Браў яго ў камерцыйным банку. І я, у прынцыпе, пастараўся разлічыцца за будаўніцтва гэтым крэдытам”, ― прызнаецца Рыгор Васілевіч, але суму, у якую абышоўся катэдж не называе.
Як і Лідзія Ярмошына, былы Генпракурор наракае на даволі дарагое жыццё ў тых элітных Драздах.
“Магу сказаць, што зімой, асабліва калі маразы моцныя, то ў мяне агулам за камуналку выходзіць рублёў пад 250 у месяц. Нічога ж там няма ўцэненага ― тыя ж стаўкі, што называецца. Я чытаў, што нібыта плацяць за катэдж нейкіх там 25 рублёў. Але ж гэта толькі за ваду паказалі! А дадайце сюды ацяпленне, вываз смецця ды ўсё астатняе, і атрымліваецца так, што... ― Пералічвае Рыгор Васілевіч і нечакана пераходзіць на іншую тэму. ― У мяне вельмі круты аўтамабіль ― Рэно. Як вам ― круты аўтамабіль, нармальна?”
Еўрарадыё: Мяркую, у Рэно таксама могуць быць дарагія элітныя мадэлі…
Рыгор Васілевіч: Renault “Sandero”. І таму, калі каго зайздрасць бярэ, то магу пакатаць на сваім аўтамабілі. Звазіць на Філімонава ці на Каменную Горку і паказаць, якія там шыкоўныя катэджы стаяць. Вось, мяне любяць папракаць маім “асаблівым меркаваннем” (Васілевіч у якасці суддзі Канстытуцыйнага суда выказаўся на карысць зменаў Канстытуцыі, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам, і падтрымаў рэферэндум 1996 года, ― Еўрарадыё), але я іх выказваў адкрыта. Хай гэтак жа адкрыта свае прэтэнзіі мне каментатары розныя выказваюць ― напішуць імя, прозвішча і месца жыхарства, і тады паліваюць мяне брудам”.
Пяць гадоў таму ўчастак у Драздах “прапанавалі” старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Кажа, адмовіўся б, але дачка, архітэктар па адукацыі, з’ездзіла на месца, паглядзела, прыкінула і ўгаварыла пачаць будавацца.
Давыдзька: “А сам бы я не будаваўся б, калі у мяне дачка не была архітэктарам і не рабіла танным гэты праект. Па-другое, не было б будаўніцтва, калі б мы двума сем’ямі не склаліся. Дом, дарэчы, будуецца на дзве сям’і. Калі б мне не пазычылі грошы сябры, калі б я не ўзяў крэдыт ― вядома, я б не будаваўся. А так, давялося, і будуюся. Праўда, не ведаю, колькі буду будавацца: вось, ужо пяць гадоў будуюся, і яшчэ буду будавацца. А што тут больш казаць? Тым больш, што я падкантрольны, і ўсе адпаведныя інстанцыі бачаць маю дэкларацыю ад даходах…”
Па словах Давыдзькі, прыблізны кошт будоўлі дачка склала, але называць гэтую суму кіраўнік БТ не захацеў. Толькі сказаў, што нават не ўяўляе, як выглядае мільён долараў. “Можа, хто з апазіцыі ведае, як ён выглядае!” ― не забываецца адзначыць Давыдзька.