Як лібералізаваць адказнасць бізнесу, у самога бізнесу не спыталі
Юрысты і бізнесмены спадзяюцца, што іх бачанне ўлічаць пры чарговай “гуманізацыі” крымінальнага заканадаўства, але новы законапраект пакуль не бачылі.
Зрабіць больш “гуманным” крымінальнае заканадаўства ў дачыненні да прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў даручыў кіраўнік краіны адпаведным структурам. У выніку з’явіўся законапраект “Аб унясенні зменаў і дадаткаў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы”.
Як стала вядома падчас адмысловай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, у дакуменце прадугледжваецца дэкрыміналізацыя асобных эканамічных “дзеянняў”, прапаноўваецца не караць за “дзелавую рызыку” і ўтрымліваецца шмат яшчэ даволі ліберальных прапаноў. І праца над ім, нібыта, працягваецца — дэпутатаў сумесна з “юрыдычнымі коламі”.
Ці бачылі гэты законапраект тыя, каму па ім жыць і каму яго прымяняць, цікавіцца Еўрарадыё.
У Палату прадстаўнікоў згаданы законапраект яшчэ не паступаў. Не бачылі яго і юрысты–тэарэтыкі з юрфака БДУ, кажа загадчык кафедры Канстытуцыйнага права Рыгор Васілевіч.
Рыгор Васілевіч: “Пакуль не прыходзіў да нас. Але ж праца ў ВНУ пачынаецца з 1 верасня. Звычайна ж на юрфак прыходзяць такія законапраекты”.
І дадае, што ўжо даўно казаў пра неабходнасць больш лаяльнага стаўлення да прадпрымальнікаў. Асабліва ў тым, што тычыцца іх “дзелавой рызыкі”. Былы генпракурор спадзяецца, што калі не на юрфаку, то хаця б у якасці сябра Прававога савета пры прэзідэнце да абмеркавання гэтага дакумента далучыцца.
Не бачылі пакуль новага законапраекта і юрысты-практыкі, сцвярджае старшыня Мінскага абласнога гаспадарчага суда, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага саюза юрыстаў Эдуард Максімовіч.
Эдуард Максімовіч: “Такія дакументы ў Гаспадарчы суд Мінскай вобласці не паступалі”.
Еўрарадыё: “А ў Саюз юрыстаў?”
Эдуард Максімовіч: “Таксама — не”.
Паводле слоў старшыні Мінскага саюза прадпрымальнікаў Уладзіміра Карагіна, унесці змены ў крымінальнае заканадаўства і “зменшыць сістэму рызыкі прыватнага бізнесу” трэба было даўно. І прызнаецца, што адну з версій узгаданага законапраекту нават бачыў!
Уладзімір Карагін: “Я не бачыў апошняга варыянта, але ў прамежкавых варыянтах мы бачылі, што да некаторых нашых прапаноў аб зніжэнні рызыкі гаспадарчай дзейнасці ўлады прыслухаліся. І тут нашы сустрэчы з Генеральнай пракуратурай, у Вышэйшым гаспадарчым судзе, Канстытуцыйным судзе і сустрэчы з шэрагам сілавых структур, відаць, спрацавалі”.
І выказвае спадзяванне, што апошні варыянт законапраекта ім у хуткім часе дашлюць. А да тых дадатковых прапаноў па зменах, якія могуць узнікнуць у прадпрымальнікаў, улады захочуць прыслухацца і паспеюць іх унесці ў дакумент.
Ёсць што прапанаваць дэпутатам ды ўладам і экспертам Беларускай навукова-прамысловай палаты. Вось толькі ніводнага варыянту законапраекта яны пакуль не бачылі, прызнаецца дырэктар гэтага грамадскага аб’яднання Віталь Сеўрукевіч. Праўда, чакаюць, што пра іх не забудуцца.
Фота: www.inliberty.ru, Змітра Лукашука