Вайскоўцы РФ спрабуюць зладзіць правакацыі на ўкраінска-беларускай мяжы — СБУ
Украінцы чакаюць, што расіяне арганізуюць правакацыю на мяжы / Ілюстрацыйнае фота ria.ru
Вайскоўцы РФ спрабуюць зладзіць правакацыі на ўкраінска-беларускай мяжы, паведамляе Служба бяспекі Украіны. Апублікаваны перахоп іх тэлефонных размоў. СБУ адзначае, што адзін з суразмоўцаў ваюе ва Украіне, іншы ж знаходзіцца ў Беларусі. Па словах апошняга, іх "тысячы паўтары... прыехала". І некаторыя з расійскіх вайскоўцаў "ездзяць на правакацыі", правакуюць украінцаў на мяжы, "каб яны... на Беларусь напалі".
Падраздзяленне расіяніна штодня ў Беларусі "пераязджае з месца на месца". На момант размовы яно апынулася каля мяжы з Польшчай.
"Такія дзеянні сведчаць, што РФ не спыняе спробаў уцягнуць Беларусь непасрэдна ў вайну супраць Украіны і робіць гэта любымі спосабамі", — заявіла СБУ.
У пачатку сакавіка Галоўнае упраўленне разведкі Украіны паведаміла, што, па яго звестках, Расія рыхтуе правакацыю на беларуска-украінскай мяжы. А два тыдні таму Уладзімір Асечкін з расійскага праваабарончага праекта Gulagu.net заявіў, што найміты ФСБ рыхтуюць у РБ дыверсіі "пад чужым сцягам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.