Вецер супраць атама: Замяніць БелАЭС могуць 800 ветракоў за 2,4 мільярды долараў
Беларускі ветрапарк пад Наваградкам на 6 ветракоў на сёння пакрывае чвэрць патрэбаў раёна ў электраэнергіі. Яго кошт разам з падстанцыяй — каля 14 мільёнаў долараў. Паспрабуем пафантазіраваць і замяніць Астравецкую АЭС, якая будуецца, на вялікі ветрапарк.
Магутнасць Беларускай АЭС — 2400 мегават. У тым жа Наваградку стаяць ветракі па 3 мегаваты. Адпаведна, атамную станцыю заменяць 800 такіх канструкцый. Столькі ветракоў можна набыць за 2 мільярды долараў.
Кошт
Паводле апошніх дадзеных, кошт Беларускай АЭС — 11 мільярдаў долараў. Гэта два рэактары па 1200 мегават кожны. Сучасны вятрак на 3 мегаваты каштуе крыху больш за 3 мільёны долараў. Значыць, 800 ветракоў будуць каштаваць каля 2,4 мільярда долараў. Для іх трэба яшчэ падстанцыі, мантаж, перавозка, устаноўка.
“Трэба 800 ветракоў, каб замяніць АЭС. Але адзін ветрапарк на 800 ветракоў вельмі складана зрабіць. Хутчэй за ўсё ветракі будуць раскіданыя па тэрыторыі і падзеленыя на ветрапаркі. Таксама трэба расходы на інфраструктуру: падстанцыі, рэзервовыя магутнасці, якія не залежаць ад ветракоў. Гэта могуць быць гідрастанцыі ці звычайныя ТЭЦ. То бок мы мусім пакрыць гэтыя 800 мегават для рэзерву. Таксама трэба акумулятары, калі вятры будуць мацнейшыя”, — пералічвае кіраўніца праекта “Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Беларусі” Марына Белавус.
І нават улічваючы ўсе выдаткі, 800 ветракоў будуць таннейшыя за АЭС. У Польшчы, напрыклад, магутнасць усіх ветракоў перавышае па магутнасці дзве такія АЭС, як тая, што будуюць у Беларусі.
Акупляльнасць
Паводле самых сціплых падлікаў, Беларуская АЭС зможа акупіцца праз 20 гадоў, тэрмін яе службы — 50 гадоў. Ветрапарк акупляецца за 11 гадоў ці меней, у залежнасці ад цэнаў на электрычнасць. Тэрмін службы ветрака — 20 гадоў, але пасля невялікай мадэрнізацыі ён можа зноў працаваць. Максімальны тэрмін службы — да 30 гадоў.
Затратнасць
Каб забяспечыць АЭС персаналам, у Астраўцы пабудавалі цэлы горад, а будоўля ідзе ўжо сёмы год і скончыцца толькі ў 2020. Узвесці ветрапарк, нават вялікі, можна за 2 гады. І цэлы горад каля яго непатрэбны: аўтаматычныя сістэмы ветракоў скідваюць СМС, калі нешта ідзе не так. Да таго ж вывесці АЭС з эксплуатацыі каштуе амаль столькі ж, колькі яе пабудаваць!
Беларусь і вятры
На сёння ў Беларусі працуе больш за 70 ветракоў, што абвяргае тэзіс аб непрыдатнасці нашых кліматычных умоў для ветраэнергетыкі. А пабудаваць іх можна хоць 1200 па ўсёй краіне, месца хопіць.
“Рэальна такі праект цяжка рэалізаваць, бо ў нас будуюць АЭС. Таму інвестары не хочуць укладвацца ў ветракі. А так бы маглі ўкласціся”, — гавораць у ветрапарку пад Наваградкам.
Сонечная энергія
Каб замяніць Астравецкую АЭС, спатрэбіцца пакрыць сонечнымі панелямі такі горад, як Маладзечна. Гэта 18 мільёнаў сонечных панеляў на 30 квадратных кіламетрах. Абыдзецца такі праект у 5 мільярдаў долараў. (Падобная станцыя працуе ў Каліфорніі, у ЗША.) Напрыклад, у Германіі сонечныя батарэі выпрацоўваюць столькі энергіі, колькі 22 атамныя рэактары. Акупляльнасць сонечнай электрастанцыі — да 15 гадоў, тэрмін службы — 25 гадоў.