Вераніка Круглова: Мы – панкі і хіпі. І хочам выступаць паўсюль!

А яшчэ чакае прапаноў ад гуказапісвальнага лэйбла, заўсёды плаціць музыкам, адкрывае новыя гарады, грае ў цырку

 

Мінскае жыццё і думы Веранікі...

Еўрарадыё: Вераніка, твой прыезд у Беларусь чарговы раз выліўся ў канцэрт…

Вераніка Круглова: Так! Канцэрт прайшоў цудоўна. У параўнанні з мінулым разам, яшчэ лепш. Мы саспелі, яшчэ больш далі джазу, у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Запрасілі Косцю Гарачага. Поўная зала. Усё атрымалася цудоўна, радасна, весела. Пасля канцэрта ў нас было другое дыханне. А калі чалавек пасля канцэрту не тое, што захаваў бадзёрасць, а набыў яшчэ больш энергіі, значыць, усё прайшло правільна. У мяне адбыўся класны энергетычны ўзаемаабмен з гледачамі і музыкамі!

Еўрарадыё: Вы не першы раз спыняецеся на пляцоўцы сталічнага Тэатра эстрады. Ці не занадта ён акадэмічны для музыкі KRIWI?

Вераніка Круглова: Пакуль нам патрэбна гэтая пляцоўка, таму што мяне вельмі задавальняе тамтэйшы гук і святло, якія неабходныя для праекцыі. Гэтая камбінацыя нам пакуль пасуе, хоць мы з задавальненнем граем і ў клубах. Але гэта іншае. Наступным разам будуць іншыя залы, аднак зараз – Тэатр эстрады – вельмі добрая кропка для артыстаў.

Еўрарадыё: Гуртоў кантэксту KRIWI вельмі шмат у Еўропе, і хапае ў нас. У чым фішка KRIWI, чым твой гурт бярэ слухача?

Вераніка Круглова: Выкідам пазітыўнай энергіі, усяго, што назбіралася, у прыватнасці, у мяне… Выкідам дзікай любові:). Магчыма таму, што мы рэдка бачымся, мы вельмі рады нашым сустрэчам. Гэтая радасць і прыцягвае людзей.

Еўрарадыё: А ты не сумуеш па сваіх музыках?

Вераніка Круглова: Не. Мы ўвесь час на сувязі праз скайп.

Еўрарадыё: А канцэртаў табе дастаткова?

Вераніка Круглова: Не, канцэртаў не хапае. Я зараз раблю заяву: мы ёсць, мы ў добрай форме, клічце-запрашайце! З маім прыездам няма ніякіх праблем, я магу прыехаць у любы час, нягледзячы на снег, дождж, мароз і завіруху. Я ўвогуле жыву як у Берліне, так і ў Мінску, на два дамы. Гэта не адлегласць для артыста, для творчай асобы. Мы гатовы выступаць. Пры чым, з задавальненнем праехаліся б па Беларусі. Я ўжо даўно пра гэта мару.

Еўрарадыё: Што чуваць наконт альбома? Ходзяць чуткі, што ён гатовы да выхаду?

Вераніка Круглова: Альбом гатовы, магчыма, мы запішам яшчэ адну песню. Шукаем выдаўца, і калі знойдзем яго на тэрыторыі Беларусі, гэта будзе проста здорава. Пакуль мы не звязваліся з беларускімі лэйбламі, аднак спадзяемся, што лэйбл выйдзе на нас.

Берлінскае шчасце Веранікі...


Еўрарадыё: Чым жыве Вераніка Круглова ў Беларусі – зразумела – грае канцэрты, сустракаецца з сябрамі… А што наконт берлінскага жыцця? Чула, што ў цябе з’вялася прыкольная праца.

Вераніка Круглова: Так, апроч працы з дзецьмі, у мяне яшчэ з’явілася вельмі творчая і крэатыўная праца ў цырку. Я занятая ў шоў, пэрформэнсах. У нас вельмі класная інтэрнацыянальная каманда артыстаў і музыкаў. Мы спяваем, танцуем, граем. Маё дзіця разам са мной удзельнічае ў тэатральным “Магія-шоў”. Я граю там Зомбі, я Ё-Ё – анёла. Яна бегае з крылцамі і разганяе ўсіх зомбі.

Еўрарадыё: То бок, пад купалам ты не лётаеш?

Вераніка Круглова:
Не, я актрыса і спявачка. Мне страшна падабаецца пераапранацца, падабаецца спяваць рознымі дурнымі галасамі на розных мовах. Я спяваю “У любви как у пташки крылья” на італьянскай, рускай, нямецкай і крыху французскай мовах, я спяваю па-англійску, вядома, і нават па-цыганску. Рэжысёр наш прыехаў са Шры-Ланкі, музыкі – дамініканцы, іспанцы і розныя замежнікі. Карацей, вельмі здорава.

Еўрарадыё: А размаўляеце вы між сабой на якой мове?

Вераніка Круглова: Мы размаўляем па-нямецку, пры чым на ламанай і бязграматнай нямецкай гавораць практычна ўсе. Гэта вельмі весела. І плюс пантаміма, натуральна. Асабліва прыкольна на нямецкай сварыцца альбо даказваць рацыю. Уяві мяне, як я з выпучанымі вачыма магу з некім спрачацца на нямецкай мове, калі думкі і эмоцыі апярэджваюць, а словы плятуцца недзе далёка ззаду! І калі пры гэтым ты яшчэ размахваеш рукамі і задзіраеш ногі – усе пачынаюць проста рагатаць!.. Мы яшчэ ў вулічных шоў удзельнічаем. Гэта цырк не стацыянарны, гэта шапіто, якое па-нямецку называецца Zirkuswerkstatt, то бок творчая майстэрня. Я прыйшла туды ўладкоўвацца ў якасці дзіцячага педагога. А потым панеслася… Праўда, пра сябе-артыстку я нікому нічога не казала.

Еўрарадыё: То бок, яны не ведаюць, што ты – вядомая спявачка?

Вераніка Круглова: Не-не! Я не люблю адкрывацца. Мне вельмі цікава. Я там што-небудзь зраблю, неяк крыкну, а мне ўсе кажуць: “Ой, ты што! Як клёва!”(смяецца). Праспявала нядаўна па-цыганску, гэта, “най-на-на-на-най”))), а мне кажуць: “Ой, ты і так умееш?” Трындзец!

Еўрарадыё: А калі хто-небудзь з калег пабачаць твой выступ на тым жа “Карнавале культур”?

Вераніка Круглова: Гэта будзе таксама трындзец! Мне гэта падабаецца. Ведаеш, было б вельмі некарэктна і жахліва, калі б я прыйшла і сказала: “Я – зорка”. Там усе зоркі такія ж як я. Усе вельмі годныя і таленавітыя людзі. Там і мастакі з намі працуюць, і клоўны, і танцоры. Поўны кайф! Мы ўсе на роварах. Мы едзем з працы дадому, усе раз’язджаемся ў розныя бакі і адчуваем вось гэтае шчасце. Проста шчасце. Ты жывеш у свеце класных людзей, класных эмоцый. Усё вельмі арганічна: ты патрэбны, ты запатрабаваны.

Еўрарадыё: А ў Беларусі ты адчуваеш сябе запатрабаванай?

Вераніка Круглова: Я адчуваю сябе патрэбнай. Адзінае, людзі падыходзяць пасля канцэртаў і кажуць: “Гэта немагчыма. Чаму вас не паказваюць па тэлевізары? Вы нам патрэбныя! Чаму вас няма?” Асабліва людзі з іншых гарадоў кажуць, што хочуць нас бачыць у Гродне, Баранавічах… А тут -- толькі сталіца. Кшталту, KRIWI  - сталічныя штучкі. А мы не сталічныя штучкі. Мы ўвогуле панкі і хіпі, і хочам выступаць паўсюль.

Еўрарадыё: Што ні кажы, але беларусы не ўмеюць адпачываць. Ну, не навучыліся яшчэ. Як ты адпачываеш? Часта вандруеш? Чым можаш пахваліцца?

Вераніка Круглова: Так, магу пахваліцца тым, што я – не “чалавек кубышкі”. Грошы ў “кубышцы” – гэта ўвогуле дарма пражытае жыццё. Як толькі ёсць нейкі заробак – мы адразу некуды едзем, мы вандруем, мы бярэм дзіця і тусуемся па ўсім свеце. Мне гэта вельмі падабаецца. Прычым, мы выбіраем ні нейкія фешэнебельныя гатэлі, дзе цябе кормяць тры разы на дзень і ты выступаеш у ролі расліны – паплаваў - паеш… Свінячы кайф мы не любім. Мы самі адкрываем нейкія месцы. Напрыклад, на Лазурным беразе мы адкрылі горад Чыёта, ці па-французску – Ляс’ёта. Там ёсць кінамузей, адтуль паходзяць знакамітыя браты Люм’ер – вынаходцы кінематографа. Афігенны гарадок, мы былі там двойчы. Увогуле, Францыя – гэта наша любімае месца. На Новы год мы таксама едзем у Францыю з сябрамі-кінематаграфістамі з Уладзівастока.

Еўрарадыё: У Еўропе пачаўся ўжо калядны бум. Ці закупілася ты ўжо каляднымі падарункамі?

Вераніка Круглова: Яшчэ не, але вось у Мінску набываю беларускія падарункі сваім цыркавым сябрам. Шукаю ўсялякія прыкольныя нацыянальныя рэчы.

Еўрарадыё: Дарэчы, твае калегі-цыркачы ведаюць такую краіну – Беларусь?

Вераніка Круглова: Яны ўсе лічаць, што Беларусь і Расія – гэта адно і тое ж, хоць я ім кажу, што людзі розныя, менталітэт, мова… Але для іх - гэта Ўсход…

Еўрарадыё: Калі вярнуцца да падарункаў, што б ты замовіла Санта Клаўсу на Каляды?

Вераніка Круглова: Падарунак? Якую-небудзь прыкольную вандроўку з сябрамі зноў-такі.

Планы і альтруізм Веранікі...

Еўрарадыё: Калі плануеш наступны прыезд і чым ён будзе адметны?

Вераніка Круглова: Мы хочам прыехаць на Стары Новы год і зладзіць канцэрт. З перфомэнсам і кіно. Сабраць шмат людзей, магчыма, лепш да яго падрыхтавацца. Усё-ткі артыст не павінен займацца самарэкламай і пошукам спонсараў. Для гэтага ёсць арганізатары. Карацей, я яшчэ як маленькая дзяўчынка спадзяюся на нейкі цуд, што нехта заўважыць, захоча, запросіць. Ну мы адкрытыя. Мы нават згодныя граць на карпаратыўных вечарынках. Чаму б не?


Еўрарадыё: А вы гатовыя выступаць бясплатна?

Вераніка Круглова: Ведаеш, як сказала Верка Сярдзючка: “Не ўсё ў гэтым жыцці прадаецца”. Між іншым, я палову свайго жыцця правыступала бясплатна, і ў гэтым няма нічога страшнага. Проста KRIWI – калектыў, які запрашае да сябе прафесійных музыкаў-сесіёншчыкаў, і мы не маем права ім не плаціць. Калі я плачу музыкам, дык, вядома, сама я магу выступіць і бясплатна. Божа мой! Але, вядома, нейкі ганарар павінен быць. Не плаціць музыкам, якія жывуць толькі музыкай, – амаральна. Я лічу, што не маю на гэта права.

Фота by Tarantino і з Facebook спявачкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі