Віцэ-старшыня ПАСЕ: Трэба знайсці рэальны рычаг ціску на рэжым Лукашэнкі
У Палітычным камітэце Савета Еўропы прайшло абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У якасці дакладчыкаў на паседжанні выступілі галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна і намеснік старшыні руху "За свабоду" Алесь Лагвінец.
На паседжанні прысутнічалі віцэ-старшыня ПАСЕ Эмануэліс Зінгерыс, спецыяльны дакладчык па Беларусі Андрэс Херкель, сябры камітэта, прадстаўнікі сакратарыята Савета Еўропы, пастаянных прадстаўніцтваў краін-чальцоў СЕ. На паседжанні таксама прысутнічаў прадстаўнік амбасады Беларусі ў Парыжы, які адмыслова прыехаў на мерапрыемства.
Пасля Радзінай і Лагвінца на паседжанні выступіў віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Эмануэліс Зінгерыс. У сваім выступе ён адзначыў, што Лукашэнка пачаў праводзіць мерапрыемствы па ўзурпацыі ўлады з 1994 года. Палітык абурыўся тымі прадстаўнікамі Савета Еўропы, якія супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам: праводзяць разнастайцныя сустрэчы, арганізоўваюць семінары. "Прадстаўнікі злачыннага беларускага рэжыму наогул не павінны перасякаць мяжу Еўрасаюза!", — перадае сайт "Хартыя'97" словы Зінгерыса.
"Нам трэба знайсці сродкі, рэальны рычаг ціску на злачынны рэжым Лукашэнкі", — заявіў віцэ-старшыня ПАСЕ.
Па выніках паседжання кіраўнік Паліткамітэта ПАСЕ Б'ёрн фон Сідаў даручыў правесці праверку па факце візіту ў Беларусь 22 ліпеня экспертаў Савета Еўропы і іх сустрэчы з прадстаўнікамі КДБ, МУС і Генпракуратуры Беларусі.
Фота — charter97.org