Віцебскі актывіст явіўся ў суд, а яго справа — не
Барыс Хамайда
Віцебскі актывіст Барыс Хамайда прыйшоў па позве ў суд 5 лютага і даведаўся, што яго справы там няма. Гэты выпадак ён апісаў у Фэйсбуку.
Як распавядала Еўрарадыё, 2 лютага Хамайду аштрафавалі на 600 рублёў, абвінаваціўшы ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў". Актывіст адзначыў, што гэтая сума роўная яго месячнай пенсіі.
Пасля суда Хамайду зноў завезлі ў пастарунак, дзе на яго склалі новы пратакол і выпісалі позву ў суд на 5 лютага.
"Сёння з'явіўся ў суд, але мне паведамілі, што ніякай справы няма. Звярнуўся ў канцылярыю суда, там параілі патэлефанаваць у РАУС і даведацца пра гэтую справу. Не збіраюся рабіць іхнюю працу. Няхай зараз шукаюць мяне", — падзяліўся віцяблянін падрабязнасцямі паходу ў суд.
Барыс Хамайда — ветэран дэмакратычнага руху ў Віцебску. У 1990-х ён выдаваў мясцовую газету "Выбар". Пасля яе закрыцця стаў распаўсюднікам дэмакратычнай прэсы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.