Віцяблянін, які збіў і выгнаў з кватэры 4-гадовага сына, атрымаў 6 гадоў калоніі
31-гадовы жыхар Віцебска, які збіў і выгнаў з кватэры 4-гадовага сына, атрымаў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд быў агучаны 28 студзеня ў судзе Першамайскага раёна абласнога цэнтра. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, інфармуе news.vitebsk.cc.
Еўрарадыё паведамляла пра здарэнне, якое адбылося ў жніўні 2019-га. Спачатку п'яны мужчына збіў сужыцельніцу, і яна сышла з кватэры. Пасля ён падняў руку на маленькага сына. Ён выгнаў яго на лесвічную пляцоўку, дзе дзіця правяло ноч, спала ў чужой дзіцячай калясцы. Раніцай яго знайшлі суседзі і выклікалі міліцыю. Хлопчыка завезлі ў бальніцу. Крымінальную справу распачалі па артыкулах "наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання" і "пакіданне ў небяспецы". Аднак на судзе віцябляніна прызналі вінаватым адразу па пяці артыкулах КК.
На мужчыну таксама наклалі вялікі штраф — 4050 рублёў. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.
Раней сям'ю, у якой адбыўся канфлікт, пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.