Відэа: Актывістка Femen з крыкам "Жыве Беларусь" агаліла грудзі перад Лукашэнкам
Дзяўчына з аголенымі грудзьмі пачала выкрыкваць лозунг "Жыве Беларусь!" у зале, дзе прысутнічалі Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка. Гэта адбылося ў Кіеве падчас падпісання пагаднення аб культурным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай да 2021 года.
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў сядзіць за сталом, Аляксандр Лукашэнка стаіць у яго за спінай. У гэты момант цемнасткурая жанчына агаляе грудзі, на якіх напісана "Жыве Беларусь!", і пачынае бегаць перад камерамі.
Ахова прэзідэнта Украіны адрэагавала імгненна і цягам некалькіх секунд выцягнула невядомую з залы. Пры гэтым яна з выразным акцэнтам крычала "Stop dictatorship!".
Паводле папярэдняй інфармацыі ТСН, дзяўчына з'яўляецца актывісткай руху Femen, а ў залу трапіла як прадстаўніца прэсы.
У 2011 годзе Femen распраналіся ў Мінску на прыступках будынку КДБ у Мінску. Дзяўчын высачылі і злавілі невядомыя, адвезлі ў лес у Ельскім раёне на мяжы з Украінай, збілі і аблілі зялёнкай.