Відэарэгістратары ў міліцыянтаў і інспектараў ДАІ павінны быць уключаныя заўсёды

Фота: БелТА
Фота: БелТА

Відэарэгістратары ў міліцыянтаў і супрацоўнікаў ДАІ, якія нясуць вонкавую службу, павінны быць уключаныя заўсёды — а не тады, калі яны палічаць патрэбным іх ўключыць. Пра гэта, адказваючы на ​​пытанне Еўрарадыё, распавёў Аляксандр Купчэня, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама.

"Нядаўна ў інструкцыю па выкарыстанні відэарэгістратараў былі ўнесеныя змены, у адпаведнасці з якімі пры нясенні службы відэарэгістратары заўсёды павінны быць уключаныя, — сказаў Купчэня. — Не мае значэння, адбываецца ў дадзены момант правапарушэнне, ці супрацоўнік проста ажыццяўляе патруляванне, выкананне сваіх службовых абавязкаў".

"Мы рэагуем на тыя выпадкі, калі рэгістратары не ўключаюцца падчас нясення службы. Ад гэтага залежыць у тым ліку і наша бяспека. Гэта таксама фіксаванне правапарушэнняў, якія могуць здзяйсняцца ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў", — дадаў прадстаўнік мінскай міліцыі.

Пра тое, што кожны супрацоўнік вонкавай службы будзе мець відэарэгістратар, у красавіку 2018 года распавёў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Але раней міліцыянт меў права выключыць рэгістратар тады, калі палічыць патрэбным. Мы даведаліся пра гэта пры канцы ліпеня 2018 года, калі ЛГБТ-актывісты ўпрыгожылі вясёлкавым кветнікам статую мінскага гарадавога насупраць будынку МУС. Маладых людзей затрымалі, а разам з імі ў аддзяленне трапіў які здымаў акцыю фатограф Андрэй Шаўлюга.

На судзе над ім раптам высветлілася, што ні аднаго запісу затрымання няма: міліцыянты нібыта выключылі відэарэгістратары непасрэдна перад тым, як падысці да ўдзельнікаў акцыі. Тлумачачы гэты факт у судзе, адзін з супрацоўнікаў заявіў: "Міліцыянт сам вырашае, калі выкарыстоўваць відэарэгістратар".

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 27.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі