Пракуратура Мінска: Здымаць злачынствы міліцыянтаў на відэа можна
Фота: Reuters
У Беларусі распрацоўваюцца папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія забароняць фатаграфаваць супрацоўнікаў міліцыі і ўнутраных войскаў, а таксама звычайных грамадзян без іх згоды. Робіцца ўсё гэта нібыта каб засцерагчы чалавека ад "уварвання ў яго прыватнае жыццё", а таксама каб пазбегнуць "парушэння права на асабістае таямніцу".
Дык ці можна фатаграфаваць міліцыянтаў падчас выканання імі службовых абавязкаў, калі самі яны пры гэтым здзяйсняюць правапарушэнне? Еўрарадыё задало гэтае пытанне пракурору Мінска Сяргею Хмаруку, і вось што ён нам адказаў:
"Калі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці будуць бачыць, як яны лічаць, супрацьпраўныя дзеянні [з боку праваахоўнікаў], нічога дрэннага ў тым, каб яны здымалі і фіксавалі здзяйсненне злачынства на відэа і потым прадстаўлялі гэтыя матэрыялы ў органы, упаўнаважаныя праводзіць папярэдняе расследаванне, няма", — заявіў пракурор Мінска на прэс-канферэнцыі 27 снежня.