Віктар Лукашэнка злётаў у Абу-Дабі паглядзець на "Формулу-1" (фота)

У мінулыя выходныя памочнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка наведаўся на этап чэмпіянату свету па аўтагонках у класе "Формула-1" у Абу-Дабі. Потым ён правёў перамовы з прадстаўнікамі кіруючай сям'і, піша партал tut.by са спасылкай на мясцовыя СМІ.

Раней паведамлялася, што старэйшы сын беларускага кіраўніка стаў заўсёднікам этапу "Формулы-1" у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Ён ужо некалькі гадоў запар значыцца ў ліку ганаровых гасцей Гран-пры Абу-Дабі. Спецыяльнае запрашэнне ён атрымоўвае ад кіруючай сям'і эмірата. Дарэчы, гэтым разам назіраць за каралеўскімі аўтагонкамі з віп-ложы прыязджалі таксама прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў.

Акрамя назірання за аўтагонкамі Віктар Лукашэнка 25 лістапада правёў перамовы з высокапастаўленымі мясцовымі чыноўнікамі. У прыватнасці, беларуская дэлегацыя сустракалася з віцэ-прэм'ерам і кіраўніком МУС Эміратаў генерал-лейтэнантам шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам. Паводле афіцыйнай інфармацыі, "бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, і шляхі ўмацавання адносін паміж дзвюма краінамі".

Фота — sheikhmohammed.co.ae

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі