Вітаўт Мартыненка прэзентуе "музычны дэтэктыў"
Кніга, у якой апублікаваныя лаянкі музыкаў, шукае забойцу беларускай песні.
На пачатку вясны ўбачыў свет чарговы наклад новай кнігі музычнага крытыка і журналіста Вітаўта Мартыненкі “Rock on-line”. Яе прэзентацыя адбудзецца 30 сакавіка ў 18.00 па адрасе Машэрава, 8. У сустрэчы возьме ўдзел сам Вітаўт Мартыненка, а беларускія музыкі сыграюць канцэрт. Уваход вольны!
Як распавёў Еўрарадыё сам аўтар, на напісанне кнігі яго падштурхнула лаянка ў інтэрнэце.
Вітаўт Мартыненка: "На сайце "Музычнай газеты" нехта стварыў такую тэму: "222 альбомы ці фак ад Плясанава". То бок нехта на канцэрце ўбачыў нейкі фак і пра гэта ідзе дыскусія: пра гурт "План", пра тое, што яны сабе дазваляюць, маўляў, нават панкі такога не дазваляюць. Дарэчы, калі гэтую тэму зачынілі, узнікла новая: "Плясанаў, Мартыненка, Мяльгуй - хворыя людзі".
Менавіта гэтая лаянка на форумах з каментарамі і цытатамі з літаратурных твораў і стала асновай кнігі Вітаўта.
Вітаўт Мартыненка: "Вось тое, што я думаю пра гэта, а вось, што думае наша літаратура, бо гэта публіцыстыка, якая разышлася пэўнымі накладамі, і даю цытату. Цытаты з Васіля Якавенкі, Кастуся Акулы, Кастуся Травеня і там усё так да тэмы!"
Сам аўтар ахарактарызаваў сваю новую кнігу як музычна-публіцыстычны дэтэктыў.
Вітаўт Мартыненка: "У чым дэтэктыў? Ёсць простае пытанне: чаму народ з вялікай гісторыяй у цэнтры Еўропы сядзіць у лапцях і анучах і енчыць. Маўляў, мы ўбогія, гэта ў нас не атрымаецца, мы малады народ, нам толькі 70 гадоў. І нас скубуць акурат тым, што ў нас няма вялікай гісторыі. Дык вось на базе маскультуры я паказваю, хто забівае беларускую песню ў Беларусі, хто жадае зрабіць так, каб мова была непатрэбная. Дык вось кніга паказвае хто".
Вітаўт распавёў, што ў інтэрнэт спрэчках удзельнічалі і вядомыя прадстаўнікі шоў-бізу, але пакуль іх імёны называць адмовіўся. Адзінае ён дадаў, што многія з іх лаяліся не пад сваімі імёнамі і гэта таксама дадало кнізе элемент дэтэктыва, бо ў выніку аўтар выкрывае сапраўдныя імёны ўсіх, хто ўдзельнічае ў лаянцы.
Варта адзначыць, што афармленнем "Рока On-line" займалася дачка Вітаўта Мартыненкі. Першапачатковы замоўлены наклад – 500 асобнікаў, якія можна будзе набыць у Таварыстве беларускай мовы, на беларускіх канцэртах ды ў самога аўтара.