Вольга Цяшкевіч: Мы радасна скачам у невядомасць без панкаты

Оля прыйшла да нас у цёплы веснавы дзень. А напярэдадні свет убачыў новы міні-альбом Clover Club "Five Bones".

Еўрарадыё: Вы заяўляеце, што міні-альбом "Five Bones" распачынае новы этап гурта. Распавядзі, што вы маеце на ўвазе?

Вольга Цяшкевіч: Па-першае, нас стала меней колькасна. Цяпер нас будзе чацвёра: у гурта заўсёды была кепская карма наконт басістаў — мы змянілі траіх. У выніку нядаўна адмовіліся ад трэцяга і вырашылі, што больш не будзем іх шукаць, бо гэта няўдзячны занятак (смяецца). Цяпер нас чацвёра. Адпаведна, нейкім чынам зменіцца музыка. Таму што басовыя партыі цяпер будуць сінтовымі. За іх адказвае ўжо наша клавішніца Наташа. Мы не ведаем пакуль, што гэта будзе за новы этап, у якой эстэтыцы, у якім стылі, што ў нас атрымаецца. Мы не загадваем, а радасна скачам у невядомасць. На дадзеным этапе мы займаемся новымі апрацоўкамі некаторых старых песень, каб іх можна было выконваць на канцэртах. І будзем актыўна займацца новым матэрыялам.

Еўрарадыё: Што набываюць і губляюць вашы старыя песні без баса?

Вольга Цяшкевіч: Яны атрымліваюцца вельмі цікавымі, цалкам па-іншаму гучаць. Зноў жа, змянілася іх эстэтыка, яна стала больш электронна-танцавальнай і нейкай задорнай. Мне гэта вельмі падабаецца, і я сябе вельмі арганічна адчуваю ў нашай новай музыцы.

Еўрарадыё: Ці не думалі ад пачатку замяніць бас інструментам, якога ніколі не было ў вашым гурце, напрыклад, тубай? І ці сустракалі ўжо падобную практыку — гурт вашага кшталту без баса?

Вольга Цяшкевіч: Не. Мы неяк адразу пайшлі шляхам найменшага супраціўлення і вырашылі, што раз маем такі цудоўны інструмент, як бас-стэйшн, то чаму б яго не выкарыстоўваць? Тым больш, што нам усім падабаецца яго гучанне і тое, як ён упісваецца ў наш матэрыял. Таму іншыя варыянты мы проста не разглядалі. А наконт досведу, мы, натуральна, шмат усяго слухаем, шмат электроннай музыкі, дзе няма, вядома, жывога басу, але мы цяпер ні на каго не арыентуемся (смяецца).

Еўрарадыё: Такім чынам, знік бас, з’явілася новае гучанне. Ці можна чакаць, што зменіцца яшчэ і тэматыка песень?

Вольга Цяшкевіч: Цалкам магчыма. Ну, па настроі яны будуць дакладна абсалютна іншымі. Сыдзе наша вар’яцкая панката. Але, як мне падаецца, гэта не кепска. Таму што мы ўсе некалькі выраслі, “замацярэлі” у добрым сэнсе, сталі больш удумліва ставіцца да аранжыровак і матэрыялу ў цэлым. Таму, так, я думаю, што шмат што зменіцца ў нашым новым матэрыяле.

Еўрарадыё: Калі параўноўваць Clover Club двухгадовай даўніны і цяперашні, ці змяніўся падыход увогуле да стварэння музыкі?

Вольга Цяшкевіч: Так, вядома. Мы вельмі выраслі ў плане ведаў пра музыку і гук, і пра тое, як гэта ўсё насамрэч мусіць выглядаць. Таму цяпер мы больш сур’ёзна ставімся да гэтага пытання.

Еўрарадыё: Уласна, новай пласцінкай вы і прадэманстравалі гэтую даросласць?

Вольга Цяшкевіч: Ну так. Да таго ж, яна атрымалася больш арганічнай, чым першы альбом. Таму што яе звядзеннем займаўся толькі Косця Пыжоў (гітарыст гурта The Toobes — заўв. Еўрарадыё), толькі адзін чалавек. Гэта яго аўтарская праца, яго бачанне нашай музыкі. Мы з ім добра спрацаваліся. Бо першы альбом быў рознабаковы ў плане гуку, звядзення, матэрыялу і ўсяго. Таму што мы яшчэ шукалі сябе ў гэтым усім.

Еўрарадыё: А чаму вырашылі Косцю даверыцца? Чым вас ён прывабіў?

Вольга Цяшкевіч: Па гэтым пытанні мы працавалі з рознымі людзьмі. Але нам больш за ўсё спадабалася тое, што робіць Косця з нашай музыкай. У нас не ўзнікае ніякіх пытанняў з ім. Мы вельмі задаволеныя яго працай.

Еўрарадыё: Ці можна казаць, што ты з’яўляешся арганізуючым звяном у гурце, як гэта, напрыклад, ёсць у Валерыі Валадзько з “Гаротніцай”?

Вольга Цяшкевіч: Clover Club — каманда, у якой няма пэўнага лідара. Мы ўсе розныя, але складаем адзінае цэлае, як мазаіка. У цяперашнім складзе, калі нехта сыдзе ці памяняецца, гэта будзе ўжо іншы гурт. Кожны ўносіць нешта сваё, элемент агульнай харызмы. Усе раўнапраўныя ў гэтым плане.

Еўрарадыё: Нядаўна ў адным з інтэрв’ю вы сказалі, што нічога не плануеце, плывяце па цячэнні і кайфуеце ад таго, што робіце…

Вольга Цяшкевіч: Так, у нейкі момант мы вырашылі разняволіцца, дазволіць сабе плыць па цячэнні і паглядзець, што ў нас з гэтага атрымаецца. То бок, мы не ставім перад сабой мэт кшталту, тэрмінова выдаць альбом у наступным годзе ці зняць кліп. Мы працягваем эксперыменты і шукаем новы вобраз сябе, нічога не загадваючы.

Еўрарадыё: У чым місія Clover Club? Ці ёсць яна?

Вольга Цяшкевіч: У нейкім сэнсе, так (смяецца). Яна, напэўна, ёсць, але ніколі не ведаеш, як яна спрацуе. Напрыклад, які-небудзь чалавек у Саратаве кепска сябе адчуваў і збіраўся скончыць жыццё самагубствам, а тут пачуў нашу песню, і гэта выратавала яму жыццё (смяецца). Магчыма, гэта і была наша місія… Хочацца проста натхняць людзей.

Еўрарадыё: Оля, ты мела досвед супрацоўніцтва з іншымі музыкамі, беларускім гуртом Akute. Увогуле, у пэўны час маладыя гурты прыходзяць да жадання рабіць дуэты з калегамі. У вас не ўзнікала такой думкі?

Вольга Цяшкевіч: Канкрэтных ідэй няма. Але ў цэлым было б някепска. Звяртайцеся! Мы заўсёды рады (смяецца).

Еўрарадыё: А калі ўзгадаць леташні канцэртны досвед з “Акутамі”, наколькі арганічна ты сябе пачувала ў іх музыцы?

Вольга Цяшкевіч: Я вельмі люблю Akute. Гэта адзін з нешматлікіх калектываў, які ёсць у маім плэеры. Мне спадабалася працаваць з хлопцамі.

Еўрарадыё: Дарэчы, хто яшчэ з беларускіх гуртоў грае ў тваім плэеры?

Вольга Цяшкевіч: Ёсць “Aйва” Вані Кіліна. Доўгі час там былі неіснуючыя ўжо Sang Sattawood, якія мне таксама вельмі падабаюцца, Yellow Brick Road, ну і “Тубсаў” паслухваю часам. А яшчэ мне падабаецца праект Morfe’ і іх апошні альбом, які я вельмі доўга і ўдумліва слухала.

Еўрарадыё: У цябе які самы любімы музычны жанр?

Вольга Цяшкевіч: Яны вар’іруюцца ў залежнасці ад перыяду і настрою (смяецца). Але ў цэлым я вырасла ў асноўным на негрыцянскай музыцы, таму я з дзяцінства люблю блюз. Не тое, што я яго часта слухаю, але часам я да яго вяртаюся і разумею, што, ааа, клёва! Асабліва такі, луізіянскі, алабамскі, місісіпскі — гэтая дэльта, усе гэтыя прыўкрасныя чорныя хлопцы... Вельмі люблю фанк, соўл, джаз. Апошнім часам мяне вельмі радуе Джон Калтрэйн, я перыядычна закапваюся ў гэта і пачынаю расслухваць, скажам, запаўняю прабелы ў адукацыі (смяецца). Апошнія прабелы я запаўняла з нагоды Калтрэйна і Майлза Дэвіса. Але пераважна гэта музыка з чорнымі каранямі.

Еўрарадыё: Наколькі шчыльныя стасункі са сваімі прыхільнікамі мае Clover Club? І ўвогуле, колькі рэальна людзей можа прыйсці на ваш канцэрт?

Вольга Цяшкевіч: (смяецца) Цяжка сказаць. Я не думаю, што мы цяпер можам сабраць вялікую залу. Але на адзін з апошніх канцэртаў у ТNТ, які быў у снежні, прыйшло досыць многа народу, я нават не чакала, і было вельмі прыемна… У нас ёсць некалькі фэнаў, якіх часта бачыш на нашых канцэртах, прычым, гэта не зусім нашы блізкія сябры, з якімі мы пасябравалі праз нашу музыку. У нас ёсць маленькі шведскі фан-клуб у асобе аднаго чалавека (смяецца), які вельмі нас любіць і перыядычна прыязджае ў Мінск у госці. Ёсць такі ж маленькі фінскі фан-клуб (смяецца). Кропкава, у розных частках свету знаходзяцца людзі, з якімі мы падтрымліваем кантакт.

Еўрарадыё: Як ставіцеся да кавераў?

Вольга Цяшкевіч: У нас было некалькі кавераў. Напрыклад, кавер на Yeah Yeah Yeahs, які нам успамінаюць дагэтуль, ужо некалькі надакучыў, і я не думаю, што мы яго будзем яшчэ граць. Перыядычна, вядома, ідэі кавераў нейкіх узнікаюць, але нам цяпер ёсць, чым заняцца яшчэ, таму мы не акцэнтуем на гэтым увагу.

Еўрарадыё: Набліжаецца лета, самы фестывальны час. Ці навастрылі лыжы Clover Club на які-небудзь летні форум? І ты сама што збіраешся наведаць летам?

Вольга Цяшкевіч: Ну, мы пакуль лыжы не навастрылі. Бо працуем над старымі песнямі ў амаль новым складзе, і, натуральна, гэта зойме пэўны час. Таму пакуль мы не гатовыя ўдзельнічаць у канцэртах. Але я спадзяюся, што летам мы акрыяем у гэтым плане, і што будуць нейкія прапановы. З фэстаў, куды я хачу трапіць сёлета, перадусім, “Мост”, таму што чаму б не паглядзець на Kasabian? А яшчэ ў мінулым годзе, будучы ў Барселоне, я некалькі выпадкова трапіла на фестываль Primavera, зачапіла адзін дзень, схадзіла на канцэрт Ніка Кейва, які проста цалкам мне вынес мозг. Я не глядзела сёлетні лайн-ап, але не выключана, што я там зноў апынуся. Фэст Primavera мне спадабаўся сам па сабе, пры тым, што ён праходзіць у такім выдатным, маім любімым месцы. Да таго ж, наколькі я ведаю, у Польшчы маюць адбыцца цікавыя фэсты з крутымі выканаўцамі. Таму ўсё можа быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі