Праект Наталлі Куніцкай Mustelide прадстаўляе чарговы сінгл (слухаць)

Мінская музыка Наталля Куніцкая, вядомая як клавішніца гурта Clover Club, прадставіла чарговы трэк свайго сольнага электроннага праекта Mustelide. Песня называецца "Ptiza Ruh" і ў будучым з'явіцца на дэбютным альбоме праекта, які атрымаў назву "Secret".

Матэрыял для дэбютнага альбома ўжо гатовы, у яго ўвойдуць 9 кампазіцый з рускамоўнай лірыкай. Да таго ж, спявачка плануе аздобіць пласцінку рэміксамі, зробленымі сумесна з іншымі музыкамі. Наталля не толькі піша тэксты і музыку да праекта, але і самастойна займаецца запісам і прадзюсаваннем.

Назва праекта Mustelide перакладаецца з лацінскай мовы як "сямейства куніцыных" і сугучнае з прозвішчам Наташы — Куніцкая. Тытул праекта таксама змяшчае фразу "must elide", што можна перакласці як "павінна знікнуць".

Назву ж альбома "Secret" музыка патлумачыла ў інтэрв'ю інтэрнэт-часопісу 34mag сваёй любоўю да дзіцячай забавы, "сакрэцікаў", "калі ты нешта дарагое хаваеш у ямку, накрываеш шклом і засыпаеш пясочкам". На вокладцы альбома — акурат такі "сакрэцік", зроблены рукамі Наталлі.

Фота: 34mag.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі