Праект Mustelide выпусціў дэбютны альбом "Secret" (слухаць)
За паўгода мінчанка Наталля Куніцкая ператварылася ў "электронную прынцэсу" і прадставіла ўласнаручна спрадзюсаваную пласцінку.
Наталля Куніцкая, якая была вядомая як клавішніца гуртоў Clover Club і Taxi, цяпер перабралася гурт "Серебряная свадьба" і прадставіла дэбютны сольны альбом у якасці "электроннай прынцэсы". Гісторыя праекта Mustelide пачалася ўсяго паўгода таму, а ўжо цяпер ён набыў папулярнасць у публікі і прыхільнасць крытыкаў.
"Secret" — гэта цалкам самастойная праца Наталлі, запісам, напісаннем матэрыялу і прадзюсаваннем яна займалася ўласнаручна, нягледзячы на адсутнасць досведу.
"Досведу прадзюсавання ў мяне раней не было, таму на гэтай працы я, хутчэй, вучылася і эксперыментавала, паклаўшыся на пачуцці, асацыяцыі і свой густ. Праз гэта ўсё атрымалася вельмі шчырым, і стылістычна самабытным", — разважае Наталля Куніцкая над сваёй працай.
Альбом выйшаў на расійскім лэйбле "Тёмные Лошадки" і даступны на сервісах iTunes, Google Play, “Яндекс.Музыка", Deezer і іншых платформах.
Mustelide перакладаецца з лацінскай мовы як "сямейства куніцыных", што сугучна з прозвішчам Наташы — Куніцкая. Тытул праекта таксама змяшчае фразу "must elide", што можна перакласці як "павінна знікнуць".
Назву ж альбома "Secret" музыка патлумачыла ў інтэрв'ю інтэрнэт-часопісу 34mag сваёй любоўю да дзіцячай забавы, "сакрэцікаў", "калі ты нешта дарагое хаваеш у ямку, накрываеш шклом і засыпаеш пясочкам". На вокладцы альбома — акурат такі "сакрэцік", зроблены рукамі Наталлі.
Фота: 34mag.net