Стыльскі спявае ў караоке, а Паліна Рэспубліка ставіць 6 ёлак у верасні

Лідар "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі жыве акурат ля ёлачнага кірмашу, таму пахучая ялінка — традыцыйны госць яго кватэры. У гэтую навагоднюю ноч "Дай Дарогу!" будуць граць на "Новым годзе ў Белым замку" пад Мінскам. Але такая практыка, хутчэй, выключэнне для гурта.

"Я люблю вандраваць у Новы год, — распавядае Стыльскі. — Сесці ў аўтамабіль да сябра ці ў таксі, калі ўжо "не да аўтамабіля", і наведаць адначасова шмат людзей. То бок, зазірнуць да старых знаёмых, завітаць у караоке, паспець да мамы — люблю, каб год пачынаўся насычана".

Мінулы Новы год Стыльскі адзначаў у гасцях у дырэктара "Дай Дарогу!" Уладзіміра Ківачука. Іскра ад бенгальскага агню ледзь не справакавала пажар у кватэры. "Значыць, будзем у Новым годзе "запальваць", — вырашылі "Дай Дарогу!", што і адбылося ў выніку (дастаткова ўспомніць гісторыю "забароны" і "судоў" над гуртом, рэлізы і аншлагі на канцэртах).

“Халтуркі” у навагоднюю ноч — занятак знаёмы гурту "Касіяпея". Вакаліст Ілля Чарапко-Самахвалаў кажа, што ў мінулы Новы год трыа не толькі грала канцэрт у маскоўскім клубе China Town, але і разагравала публіку ў вобразе трох Дзедаў Марозаў. "Святкавалі ва ўмовах халтуркі", — смяецца Чарапко-Самахвалаў. Але гадоў 10 таму Новы год у музыканта і акцёра мог выглядаць зусім іншым чынам.

"Аднойчы мая жонка дзяжурыла на хуткай дапамозе. Яны праязджалі па пэўнай дарозе і везлі хворага з паламанай нагой у бальніцу. Усё адбывалася ў 3 гадзіны ночы. І што б вы думалі? Па дарозе яны сустрэлі мяне, я сядзеў на сумёце, — узгадвае Ілля. — Вось такім чынам жонка выратавала мне жыццё. "Разварочвайся!", — скамандавала яна кіроўцу. Яны дасталі мяне з сумёта. І вось я, "пралеска", і дзядзька з паламанай нагой так сустракалі Новы год".

Удзельнікі гурта Akute звычайна адзначаюць Новы год паасобку. Раман Жыгараў успамінае свой незвычайны Новы год "на турніках": маўляў, мы проста адціскаліся і пілі шампанскае. А Стас Мытнік з радасцю распавядае пра незабыўную сустрэчу 2010-га ў віцебскім "Чардачку".

"Там было вельмі крута! Быў бал-маскарад з песнямі Юрыя Антонава. Сам гаспадар Гарык у касцюме гусара разносіў напоі. Гэта быў першы Новы год, у які я не вырубіўся да 6 раніцы, бо дагэтуль я звычайна бліжэй да раніцы засынаю, — успамінае Стас і ў адказ на пытанне пра свой вобраз на "Чардачку" смяецца. — А я быў у вобразе п'янага Мытніка Станіслава Андрэевіча”.

Лідар :B:N: Алесь Лютыч, хутчэй за ўсё, возьме на пачатак Новага года невялікі адпачынак. Бо ў графіку музыкі і па сумяшчальніцтве працаўніка завода керамічнай пліткі 1 студзеня — працоўны дзень. Тым больш, досвед "працы" у першы дзень Новага года ў музыкі ёсць — спаць на лаўцы ў пераапраналцы завода не вельмі хочацца.

"Мы звычайна робім сваё навагодняе шоў, — малюе карціну свята бярозаўскіх музыкаў Лютыч. — У нашай кампаніі — акардэаніст "Кальмараў" Аляксандр Яровіч. Мы маем таксама афрыканскі бубен і акустычную гітару. Частку рэпертуару складаюць тыя песні "Ляпісаў", у якіх ёсць акардэон. Старыя песні кшталту "Мы зайшлі ў дарагое кафэ".

Удзельнікі Clover Club святкуюць Новы год кожны ў сваёй сям'і ці кампаніі. Як і дзе пачнецца сёлетняя навагодняя ноч, вакалістка каманды Вольга Цяшкевіч не ведае. А вось дзе скончыцца — Оля ведае дакладна!

"Чацвёрты год запар сустрэча Новага года скончыцца ў маім любімым бары Sweet & Sоur, — не сумняваецца спявачка. — Кожны год, з моманту адкрыцця бару, у гэты час там збіраецца прыемная і душэўная кампанія. Сёлета ў нас плануецца маленькая вечарынка аматараў анісавай наліўкі".

Штогод перад Святамі Оля пячэ імбірныя пернікі, носіць іх з сабой і частуе добрых людзей.

А вось музыкі гурта Re1ikt адмыслова не сустракаюць навагоднія святы разам, каб адпачыць адно ад аднаго.

"Звычайна сустракаем дома, у такой цёплай і ўтульнай атмасферы, з самымі-самымі блізкімі сябрамі. Гэта мы наўмысна робім, каб мець магчымасць пераасэнсаваць падзеі мінулага года, паразмаўляць пра вынікі. Мы гэта робім звычайна без прыгодаў. А пасля наведваем нашых бацькоў — жончыных і маіх — такая ў нас традыцыя", — кажа бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Для спявачкі Паліны Рэспублікі Новы год — выключна сямейнае свята, на якое збіраецца ўся радня. У мінулым годзе нават цётка з Канады прыляцела. Праўда, святы прыпадаюць акурат на час сесіі Паліны. У гэты момант спявачка часцей за ўсё дэпрэсуе, таму а 2-й ночы ўжо спіць. А вось ёлка ў доме Паліны ставіцца… ужо ў верасні.

“У апошнія гады ў нас ёсць вялікая праблема, якая сапсавала маё дзяцінства, і псуе дзяцінства маіх братоў, — прызнаецца Паліна. — Яна заключаецца ў тым, што мой тата займаецца акурат штучнымі ёлкамі і навагоднімі цацкамі. І ёлкі ў нашай кватэры стаяць з верасня, яшчэ і ў колькасці 6 штук. Таму, на жаль, у час, калі трэба радавацца святочнай атмасферы, мы яе не адчуваем”.

Еўрарадыё віншуе беларускіх музыкаў з надыходзячымі святамі і жадае ў Новым годзе перамен!

Фота generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі