Клавішніца Clover Club Наталля Куніцкая прадстаўляе сольны праект Mustelide
Дэбютная пласцінка “кнопачнай музыкі ад першай у Беларусі электроннай прынцэсы” ўбачыць свет бліжэй да восені.
Наталля Куніцкая, вядомая ў беларускай музычнай тусоўцы як клавішніца гурта Clover Club, саспела да ўласнага праекта. Аднак, на асноўны гурт гэта ніяк не паўплывае.
У Mustelide музЫка прытрымліваецца электроннага накірунку, але “не замарочваецца” на вызначэнні жанраў.
“У мяне заўжды было многа музычных ідэй у галаве, і ўмясціць іх у межы аднаго праекта было б немагчыма. Плюс, мяне заўжды прываблівала электронная музыка, таму цікава было папрацаваць у новым жанры. Тым больш, што цяпер з’явілася шмат магчымасцяў для эксперымента”, — распавядае Наталля Куніцкая.
Наталля не толькі піша тэксты і музыку да праекта, але і самастойна займаецца запісам і прадзюсаваннем. Матэрыял для дэбютнага альбома ўжо гатовы, у яго ўвойдуць 9 кампазіцый з рускамоўнай лірыкай. Да таго ж, спявачка плануе аздобіць пласцінку рэміксамі, зробленымі сумесна з іншымі музыкамі.
На дадзены момант Наталля вядзе перамовы з шэрагам лэйблаў аб выданні пласцінкі. Плануецца, што альбом з'явіцца бліжэй да восені. У жніўні Mustelide прадставіць лайф-праграму, у якой будуць выкарыстаныя толькі сінтэзатары, драм машына і вакал. “І ніякага камп’ютара!” – падкрэслівае Наталля Куніцкая. Паслухаць і сачыць за навінамі праекта Mustelide можна тут .
Фота: Сяргей Рылакс