Вольга Хіжынкова пра ўмовы на Акрэсціна: Адключылі ацяпленне, спалі на падлозе

Вольга Хіжынкова на волі / TUT.by
Вольга Хіжынкова на волі / TUT.by

20 снежня пасля 42-х сутак адміністрацыйнага арышту на волю выйшла Вольга Хіжынкова. Перад вызваленнем "Міс Беларусь 2008" і былую прэс-сакратарку брэсцкага "Дынама" перавезлі з ізалятара на Акрэсціна ў Жодзіна і выпусцілі на некалькі гадзін раней. Вольга прызналася, што ёй было трохі страшна пасля рэплікі "З рэчамі на выхад", паколькі ведала, што замест вызвалення яе маглі павесці на чарговы суд па новым пратаколе.

Па словах Вольгі, у ізалятары на Акрэсціна арыштанткам з артыкулам 23.34 ствараліся нечалавечыя ўмовы:

— Тыдзень таму ў нас у камеры адключылі ацяпленне, а ў камеры ў нас увесь час дзьмула з акна. Нам парамантавалі кран і ўнітаз, а потым забралі матрацы, нічым гэта не патлумачыўшы. Мы спалі на падлозе, мы слалі на яе коўдры і закутваліся ў вопратку. На мне было дзве майкі, два гольфы, тры байкі — усё, што было. У адной жанчыны з-за гэтага пачаўся цыстыт.

На думку Вольгі, у турме ў Жодзіна лепш ставяцца да зняволеных, чым на Акрэсціна:

"У параўнанні з Акрэсціна Жодзіна мяне прыемна здзівіла. Зразумела, што на двух гэтых аб'ектах аднолькава строгія правілы, розніца толькі ў тым, што калі ў Жодзіне ты не будзеш іх парушаць, цябе не будуць тузаць, крыўдзіць".

За 42 дні Хіжынкову выводзілі на шпацыр ўсяго 6 разоў. Па яе словах, каб не знясіліць, з сукамерніцамі даводзілася займацца "турэмным фітнесам": качаць прэс, рабіць планку, адцісканні. З-за адсутнасці руху дзяўчаты адчувалі сябе дрэнна.

У першай камеры, куды засялілі Вольгу пры паступленнi на Акрэсціна, у адной з сукамерніц былі вошы. Заразіліся ўсе. Адміністрацыя ізалятара была ў курсе сітуацыі, але рэакцыі на яе не было. Перададзеныя сродкі дэзінфекцыі Вользе аддалі толькі пры адбыцці.

"Мне здаецца, што такія метады, у прыватнасці якія практыкуюць на Акрэсціна, вельмі моцна дыскрэдытуюць моцную і квітнеючую Беларусь, якую мы ўсе бачым па тэлевізары", — лічыць Хіжынкова і кажа, што час за кратамі яна правяла ў стане "нацягнутай струны", даводзілася ўвесь час піць лекі, якія заспакойваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі