Вольга Захаранка: Апошні раз па справе мужа мяне дапытвалі ў 1999 годзе
Як падлічыла Еўрарадыё, за 13 гадоў справу аб знікненні экс-міністра Юрыя Захаранкі вялі 4 (!) следчыя, цяпер над ёй працуе пяты.
Следчы камітэт працягнуў да 24 снежня 2012 года следства па справе былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Адказаў на пытанні, ці гэта звычайная працэдура, ці прычына ў з’яўленні нейкіх новых звестак, прэс-служба Следчага камітэта не дае.
Фармальна гэта азначае, што могуць праводзіцца допыты ды апытанні па справе. Але як стала вядома Еўрарадыё, ніякіх допытаў ці якіх іншых следчых дзеянняў з удзелам родных зніклага Захаранкі следчыя не праводзілі... з 1999 года. Пра гэта распавядае жонка былога міністра Вольга Захаранка, яна цяпер жыве ў Германіі. Пра тое, што справу працягнулі, жонка і дочкі зніклага генерала даведаліся ад… Еўрарадыё.
Вольга Захаранка: “Па першым часе пасля таго, як ён быў скрадзены — праз месяцы два ці найбольшае тры — пару разоў я давала паказанні. Зразумела, я казала, што я думаю і якія падазрэнні маю. А больш з таго часу да мяне ніхто не звяртаўся. Цягам усіх гэтых гадоў ніхто не толькі не спрабаваў звязацца — мне падаецца, што нас проста ігнаравалі”.
Юрыста Алега Воўчака, які прадстаўляе інтарэсы пацярпелых, апошні раз следчая апытвала ў тым самым 1999 годзе.
У Алега Воўчака ёсць свая версія таго, чаму следства працягваюць, а не прыпыняюць.
Алег Воўчак: “Гэтыя ўсе справы на ўліку Камітэта ААН па правах чалавека, ёсць працоўная група па гвалтоўным знікненні ў Парламенцкай асамблеі. Калі справу прыпыніць, неабходна даваць больш падрабязную інфармацыю гэтым структурам. А што даваць? Таму яны абралі тактыку расследаваць да 2015 года, а потым проста закрыць у сувязі з заканчэннем тэрміна пазоўнай даўніны і прыцягнення абвінавачаных да крымінальнай адказнасці”.
Справа Захаранкі была распачатая паводле Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі 1960 года. Па ім дастаткова 15 гадоў, каб справу спыніць з-за немагчымасці знайсці вінаватых. Паводле новай рэдакцыі для закрыцця справы неабходна 25 гадоў.
Выглядае на тое, што такую форму вядзення справы следчыя абралі, каб не даць магчымасці азнаёміцца з яе матэрыяламі. Рабіць гэта забаронена, пакуль вядзецца следства. Нават — адказваць пра ход следства.
Як падлічыла Еўрарадыё, з 1999 года справу Захаранкі вялі 4 (!) следчыя, цяпер над ёй працуе пяты. Гэта без уліку следчай групы, якая была створана адразу пасля знікнення генерала. Першым следчым была Святлана Байкова. Яе ў 2010 годзе арыштавалі па абвінавачванні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Які лёс чакае справу Захаранкі пасля 2015 года?
Алег Воўчак: “Будзе пракуратура вырашаць: на ўтылізацыю яе ці грыф сакрэтнасці паставіць, калі там дзяржаўныя інтарэсы закранутыя, — на 20, на 50 гадоў”.
Нагадаю, генерал Захаранка знік увечары 7 траўня 1999 года. У адпаведнасці з артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса — забойства — была распачатая справа. Паводле слоў былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Юры Захаранка быў скрадзены, а пасля расстраляны.
Фота: bymedia.net