Восем краін далучыліся да зняцця санкцый у дачыненні да Беларусі
Восем еўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, паводле прыкладу ЕС знялі санкцыі са 170 беларускіх чыноўнікаў і трох кампаній. Гэта — Македонія, Чарнагорыя, Сербія, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія. "ЕС прымае да ведама і вітае гэтую прыхільнасць", — цытуе БелаПАН заяву кіраўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыкі Магерыні.
Да санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі восем згаданых краін далучыліся ў 2012 годзе.
Як паведамляла Еўрарадыё, 15 лютага 2016-га Савет міністраў замежных спраў краін ЕС не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 беларускіх фізічных асоб і трох кампаній. Было адзначана, што савет цэніць крокі, зробленыя ўладамі Беларусі за апошнія два гады для паляпшэння адносінаў з Еўрасаюзам. Гэта і актыўны ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве, і аднаўленне дыялогу па правах чалавека, і пачатак перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Таксама была ацэненая "канструктыўная роля Беларусі ў рэгіёне".
Аднак Брусель па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў нашай краіне і ў чарговы раз нагадвае, што "адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульных каштоўнасцях, асабліва гэта тычыцца павагі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону".
Сакцыі захаваныя ў адносінах толькі чатырох беларусаў, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў людзей у 1999-2000 гадах: былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. ЕС таксама захаваў эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў.