Возьмуць на заметку, будуць сачыць, адлічаць — як ціснуць на студэнтаў за пікеты
Shutterstock
У Беларусі працягваецца ціск на студэнтаў, якія падалі заявы на правядзенне адзіночных пікетаў супраць "закона аб адтэрміноўках". Пасля падачы заявы ў Аршанскі райвыканкам "на дыван" свайго студэнта-чацвёртакурсніка Данііла выклікала кіраўніцтва Аршанскага каледжа ВДУ ім. П. М. Машэрава. А на мінулым тыдні адмовіцца ад правядзення мерапрыемства студэнту Аляксею настойліва рэкамендавала кіраўніцтва Магілёўскага эканамічнага каледжа.
Як расказаў Еўрарадыё сам заяўнік мерапрыемства ў Оршы, 22 жніўня ён разам з маці наведаў кабінет дырэктара навучальнай установы Анатоля Зулёва.
"Возьмуць на заметку, пачнуць сачыць, праблемы з вучобай"
"Я спачатку ў яго спытаў, з якой нагоды гутарка? Ён мне сказаў, што яму патэлефанавалі з райвыканкама і сказалі, што ваш студэнт збіраецца арганізаваць несанкцыянаваную акцыю. Я адрэагаваў так: сказаў, што яго дэзынфармавалі. Як акцыя можа быць несанкцыянаванай, калі я яе спрабую ўзгадніць з выканкамам?"
Па словах Данііла, дырэктар адкрыта запатрабаваў адмовіцца ад правядзення мерапрыемства, у адваротным выпадку ў студэнта нібыта могуць узнікнуць праблемы.
"Сказаў, што мяне возьмуць на заметку, што за мной пачнуць сачыць, што калі яму патэлефануюць з райвыканкама і скажуць, што ў каледжы такі студэнт не патрэбны, то ён будзе імкнуцца зрабіць так, каб мяне ў гэтым каледжы не было".
Дырэктар каледжа: мы проста хацелі даведацца пазіцыю
Дырэктар Аршанскага каледжа ВДУ ім. П. М. Машэрава Анатоль Зулёв пацвердзіў Еўрарадыё, што 22 жніўня ў яго была гутарка са студэнтам і яго маці. Але сцвярджае, што яна была чыста прафілактычная.
Зулёў: "Ніякі ціск на яго не аказваўся. З ім проста адбылася гутарка: мы проста хацелі даведацца яго пазіцыю".
Еўрарадыё: Але вы супраць таго, каб навучэнцы вашага каледжа праводзілі падобныя мерапрыемствы?
Зулёў: "Калі [пікеты] будуць санкцыянаваныя адпаведнымі органамі, то няхай праводзяць — я не супраць".
Закон "Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы", які таксама называюць "законам аб адтэрміноўках", пачаў дзейнічаць у Беларусі з 10 жніўня. Незадоўга да гэтага ў Міністэрстве абароны растлумачылі, што маладыя людзі, залічаныя сёлета ў ВНУ і магістратуру, усё ж атрымаюць права на другую адтэрміноўку для працягу адукацыі. Аднак гэта не закране аспірантаў, чыё залічэнне афіцыйна адбываецца 1 лістапада, калі восеньскі прызыў ужо будзе заканчвацца.
Як і іншыя непапулярныя рашэнні ўрада, "закон аб адтэрміноўках" многія беларусы сустрэлі з крытыкай. У сацсетках з'яўляюцца групы праціўнікаў закона, аднак з актыўнымі пратэставымі дзеяннямі яны пакуль што не спяшаюцца — абмяжоўваюцца падачай заявак на правядзенне пікетаў. Іх ініцыятары патрабуюць адмяніць або змяніць "закон аб адтэрміноўках". Пра гэта Еўрарадыё расказаў Дзяніс Ціханенка, стваральнік тэлеграм-канала ProtestBY. Пікеты плануецца правесці ў Мінску, Оршы і Магілёве ў другой палове жніўня і пачатку верасня.