Вучні мінскай 23-й гімназіі знайшлі сябе ў падробленым спісе БРСМ
У мінскай беларускамоўнай гімназіі №23 здарыўся скандал. Адзінаццацікласнікі пабачылі ведамасць аплаты сяброўскіх складак у БРСМ. Больш як 30 чалавек, якія не ўступалі ў гэтую арганізацыю, былі пазначаныя сябрамі БРСМ. Насупраць іх прозвішчаў стаялі падробленыя подпісы, перадае Радыё "Свабода".
22 траўня педагог-арганізатар Святлана Молакава папрасіла адну з вучаніц занесці ў БРСМ Савецкага раёну складкі сяброў арганізацыі. Так вучні даведаліся, што яны лічацца ў шэрагах БРСМ.
Адзінаццацікласніца Анастасія Быкоўская распавяла, што ў іх класе з 23 чалавек у БРСМ уступалі толькі тры вучні. Аднак у ведамасці быў пазначаны амаль увесь клас. 23 траўня дырэктарка і завуч школы, па словах дзяўчыны, папрасілі прабачэння ў вучняў. Яны сказалі, быццам у гэтай сітуацыі вінаватая педагог-арганізатар Святлана Молакава, якая і папрасіла вучаніцу аднесці ведамасць.
Дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч у гутарцы з журналістамі выказала меркаванне, што нехта з педагогаў учыніў "дрэнны жарт". "Адміністрацыя пра гэта не ведала. Пра тыя спісы я даведалася ад класных кіраўнікоў і ад бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць", — тлумачыць яна. Па словах Пасюкевіч, у БРСМ Савецкага раёна ведамасць не прынялі, бо "спісы не адпавядаюць рэальнасці".
Аднак вучаніца, якая адносіла ведамасць, сцвярджае: у Савецкім БРСМ не было пытанняў да дакумента, і ведамасць у яе прынялі. Толькі праз дзень намесніца дырэктаркі паведаміла вучням, што дакумент забяруць назад.