Вярхоўны суд не змяніў прысуд па справе аб забойстве Таццяны Слонімскай
Ён ужо набыў законную сілу.
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без зменаў прысуд Мінскага абласнога суда па справе аб забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай. Прысуд уступіў у законную сілу, інфармуе БЕЛТА.
Як паведамляла Еўрарадыё, у ліпені 2014 года Мінскі абласны суд прызнаў Яўгена Куліка вінаватым адразу па некалькіх артыкулах — "замах на забойства", "крадзеж", "забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю" ды іншых. Суд пастанавіў канфіскаваць усю маёмасць Куліка. Яго пасобнік Мікалай Лотыш атрымаў 7 гадоў зняволення з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.
Нагадаем, у ліпені 2013-га ў лесе ў Мінскім раёне была забітая мінчанка Таццяна Слонімская. Яна збірала ягады якраз у тым месцы, дзе два зламыснікі — Кулік і Лотыш — хавалі нарабаванае ды прывезлі чарговую партыю. Калі жанчына падышла да свайго аўтамабіля "Мазда", Кулік нанёс ёй 14 удараў нажом. Слонімская памерла на месцы, яе цела закапалі ў лесе. Аўтамабіль забітай зламыснікі прадалі ў Маскве.
Яўген Кулік прасіў суд замяніць яму пажыццёвае зняволенне 25 гадамі пазбаўлення волі. Пракурор прасіў суд перагледзець справу і адмяніць раней прызначаны прысуд Лотышу, прызнаць яго саўдзельнікам у забойстве і накіраваць справу на новы разгляд. Па яго словах, ён ніяк не перашкаджаў здзяйсненню злачынства і нават садзейнічаў яму. Аднак Вярхоўны суд пакінуў усё, як ёсць.
Фота — Fotolia