Вярхоўны суд скараціў тэрміны некалькім палітвязням

Суд над анархістамі і праваабаронцамі / кадр з тэлеканала "Беларусь 1"
Суд над анархістамі і праваабаронцамі / кадр з тэлеканала "Беларусь 1"

28 лютага ў Вярхоўным судзе адбыўся закрыты разгляд апеляцыйных скаргаў палітвязняў, асуджаных па справе анархісцкага руху "Рэвалюцыйнае дзеянне", паведамляюць праваабаронцы. Скаргі на свае прысуды падалі дзесяць асуджаных.

Судовая калегія пад старшынствам Аляксея Рыбакова не задаволіла скаргі шасці фігурантаў справы. А вось тэрміны валанцёраў-"вясноўцаў" Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама актывістаў анархісцкага руху Акіхіры Гаеўскага-Ханады і Аляксандра Францкевіча былі скарочаныя на тры месяцы.

Прысуд набыў моц, і неўзабаве палітвязняў этапуюць у калоніі.

Як распавядала Еўрарадыё, 6 верасня ў Мінску былі абвешчаныя прысуды па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Фігуранты атрымалі на ўсіх 94 гады зняволення. Аляксандр Францкевіч быў асуджаны на 17 гадоў, Акіхіра Гаеўскі-Ханада — 16 гадоў, Марфа Рабкова — 15 гадоў, Аляксей Галаўко — 12 гадоў, Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк — па 6 гадоў, Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 5 гадоў.

Фігурантаў справы вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, асабліва злосным хуліганстве ды інш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі