Выбары прэзідэнта-2015. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп пачнецца 1 ліпеня
Збор подпісаў стартуе 23 ліпеня, а 6-15 верасня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў (+каляндар выбараў)
Цэнтравыбаркам пачне рэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у прэзідэнты з 1 ліпеня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік старшыні ЦВК Мікалай Лазавік.
Мікалай Лазавік: "Можна падаваць дакументы на рэгістрацыю, калі набудзе моц рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб даце выбараў. Адразу пасля апублікавання рашэння і да 17 ліпеня. Калі сёння прынялі, то заўтра рашэнне апублікуюць”.
Дакументы на рэгістрацыю будуць разгледжаныя у пяцідзённы тэрмін. Але збор подпісаў пачынаецца з 23 ліпеня, бо ўсе прэтэндэнты мусяць стартаваць адначасова, дадае Мікалай Лазавік.
Да 17 ліпеня ўключна патэнцыйным кандыдатам трэба будзе здаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.
З 23 ліпеня зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы пачнуць збіраць подпісы за сваіх прэтэндэнтаў.
Да 21 жніўня штабы павінны здаць не менш за 100 тысяч подпісаў, каб зарэгістраваць кандыдата. Камісіі цягам 10 дзён правераць як мінімум 20% подпісаў. Калі знойдзецца 15% несапраўдных, то будзе дадатковая праверка яшчэ 15% подпісаў. Калі пасля двух праверак выявіцца, што сярод правераных подпісаў несапраўдных больш за 15%, то подпісы анулююць.
"Усе подпісы на гэтай тэрыторыі будуць прызнаныя несапраўднымі. Калі правяраецца Мінскі раён, і знойдзецца больш за 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў, то ўсе подпісы, сабраныя за кандыдата ў Мінскім раёне, не будуць улічвацца", ― тлумачыць эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер.
6-15 верасня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Калі спатрэбіцца, яе могуць працягнуць на 5 дзён. Да гэтай даты любая агітацыя забароненая. Можна толькі ставіць пікеты для збору подпісаў і збіраць подпісы па дамах. Члены ініцыятыўнай групы могуць паказваць і распавядаць інфармацыю пра кандыдата, але не маюць права пакідаць улёткі.
З 17 верасня можна пачынаць агітацыйную кампанію. З гэтага часу дазволена распаўсюджваць рэкламу і улёткі, а кандыдаты пачнуць выступаць па радыё і тэлебачанні.
У дзень выбараў 11 кастрычніка агітаваць нельга. Але папярэдне размешчаныя плакаты могуць заставацца на вуліцах.
Калі ніводзін кандыдат не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў, то будзе другі тур. У ім возьмуць удзел два кандыдаты, якія набралі найбольш галасоў. Другі тур мусяць правесці не пазней за 25 кастрычніка.
Калі другога тура не будзе, то вынікі выбраў афіцыйна мусяць падвесці да 21 кастрычніка, але звычайна ўсё вядома яшчэ ўначы.
Фота: photo.bymedia.net