Выказваем заклапочанасць: задаволены Кім Чэн Ын і дыпмісія Наталлі Паклонскай
Мулан і Кім / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Усе шчаслівыя краіны шчаслівыя па-свойму: Кім Чэн Ыну паказалі моц салдатаў Пхеньяна, а ў Белым доме працягваюць шукаць зніклае віскі.
Віцязі Пхеньяна
У Кім Чэн Ына добры настрой. Яму паказалі, як паўночнакарэйскія салдаты голымі рукамі крышаць цэглу і гнуць металічныя пруты. А потым Кім паказаў гэта ўсяму свету.
Гэта прадстаўленне — частка абарончай выставы, якая прайшла ў Паўночнай Карэі. Меркавалася, што свет будзе разглядаць непераможных ваяроў Пхеньяна, якія ляжаць на аскепках шкла і жалезных цвіках і голымі рукамі разбіваюць усё, што пад гэтую голую руку трапіць. У асаблівае захапленне свет павінен быў прыйсці ад таго, як паўночнакарэйскія мужчыны здольныя шыямі згінаць металічныя пруты і вырывацца з ланцугоў.
Прынамсі, Кім Чэн Ын з прыкметным задавальненнем назіраў за прадстаўленнем.
Паводле звестак паўночнакарэйскіх СМІ, мэта перформансу — паказаць, што ў паўночнакарэйскіх салдатаў ёсць "жалезныя кулакі" для абароны міру ў краіне.
Паводле звестак паўднёвакарэйскіх СМІ, з чым у Пхеньяне не справяцца кулакі, з тым справяцца законы. За чытанне паўднёвакарэйскіх, амерыканскіх ці японскіх СМІ можна заехаць у лагер на 15 гадоў.
Мы ні на што не намякаем, але ў Беларусі сёння папярэдзілі, што за падпіскі на "экстрэмісцкія тэлеграм-каналы" можна заехаць у калонію на сем гадоў. У найбліжэйшы час чакаем перформансу з ланцугамі і металічнымі прутамі.
Знікла не толькі віскі
У Белым доме прапажа. Генеральны інспектар Дзярждэпа шукае, дзе загубіліся скураныя партфелі, алавяныя падносы і мармуровыя скрынкі з прэзідэнцкай пячаткай, паведамляе New York Times.
Іх павінны былі прэзентаваць на саміце "Вялікай сямёркі" ў 2020 годзе яшчэ пры Трампе высокапастаўленым сябрам дэлегацый. Але здарылася пандэмія, мерапрыемства адмянілі. А падарункі ніяк не могуць знайсці.
Куплялася ўсё за грошы падаткаплацельшчыкаў, так што Дзярждэп мае намер знайсці кожны скураны партфель.
А тым часам Дзярждэпу яшчэ шукаць і шукаць. Нагадаем, ён усё яшчэ не знайшоў бутэльку дарагога японскага віскі за 5,8 тысячы долараў. Бутэльку павінны былі падарыць экс-дзяржсакратару Майку Пампеа, але Пампеа ўжо заявіў, што яе не атрымліваў.
Не здзівімся, калі няшчасны інспектар ад Дзярждэпа лічыць, што на пэўных этапах гісторыі гэты Белы дом — ну проста чорная дзірка.
Куды Радзіма пашле
Учора мы лічылі, колькі жанчын сярод нобелеўскіх лаўрэатаў, а сёння палічым, колькі жанчын сярод амбасадараў РФ. Цяпер іх тры, і адна з іх — Наталля Паклонская.
Паклонскую Радзіма паслала на Каба-Вердэ. Гэта астраўная дзяржава размешчана за некалькі сотняў кіламетраў на захад ад Афрыкі. Там гавораць на партугальскай, але ў расійскай Дыпламатычнай акадэміі, зрэшты, упэўнены, што Паклонскай будзе досыць англійскай.
"Ужо зараз яна наўрад ці паспее тут у акадэміі або Міністэрстве замежных спраў прайсці падрыхтоўку, але мне здаецца, што яна таленавітая жанчына і яна справіцца з гэтым на Каба-Вердэ", — расказалі РІА Новости ў Дыпакадэміі.
Сама Паклонская сказала, што яна ўжо сабрала ўсю інфармацыю пра Каба-Вердэ і што з гэтым прызначэннем спраўдзілася яе мара. Мы таксама сабралі некаторую інфармацыю: галоўная крыніца даходу Каба-Вердэ — турызм. Але не таму, што там шыкоўныя пляжы. Турысты прыязджаюць, хутчэй, адпачыць ад цывілізацыі, хто вельмі ад яе стаміўся.
Гісторыя Мулан
Дыснееўская гісторыя пра кітаянку Мулан паўтарылася ў сучасным Кітаі. З папраўкай на рэаліі.
Юная Фу Цзяюань паспрабавала стаць удзельніцай бойз-бэнда. Яна запісалася ў спецыяльны навучальны лагер — такую своеасаблівую кітайскую "фабрыку зорак", дзе хлопчыкаў 11–13 гадоў навучалі вакалу і танцам. Самыя паспяховыя з іх могуць стаць "айдаламі" — папулярнымі выканаўцамі, якія грабуць юані мільёнамі.
Зразумела, чаму бацькі любяць адпраўляць дзяцей у такія лагеры.
Праз пандэмію адбор у гэтыя кітайскія праграмы праходзіць анлайн. Так што маладая кітаянка Фу Цзяюань са сваёй кароткай стрыжкай лёгка яго прайшла. А потым ёй давялося прасіць прабачэння за падман фанатаў.
Фанаты, зрэшты, не пакрыўдзіліся. Асабліва тыя, каму гісторыя дзяўчыны нагадала лёс дыснееўскай прынцэсы Мулан, якая прадставілася хлопчыкам і адправілася на вайну замест бацькі. У мультфільме ўсё скончылася вельмі добра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.