Вынесены прысуды траім забастоўшчыкам на БМЗ у жніўні 2020-га
1 лютага ў Жлобіне вынесены прысуды траім забастоўшчыкам на БМЗ у жніўні 2020-га. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і атрымалі пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму — ад 2,5 да 3 гадоў, паведамляе spring96.org.
Судзілі Ігара Поварава (ён прызнаны палітвязнем — адзіны, каго ўтрымлівалі пад вартай да суда), Аляксандра Баброва і Яўгена Говара. 17 жніўня 2020-га яны ўдзельнічалі ў пратэстах на прадпрыемстве супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, перакрывалі дарогу для тэхналагічнага транспарту. Паколькі мужчыны кампенсавалі БМЗ страты ў памеры больш за тысячу рублёў, матэрыяльных прэтэнзіяў да іх не было.
Повараў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму, Баброў і Говар — на 2,5 гады.
Крымінальную справу ў дачыненні яшчэ аднаго ўдзельніка страйку — Паўла Магідава — вылучылі ў асобную вытворчасць. Грамадзянін Расіі паспеў з'ехаць за мяжу і не быў затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.