Вынікі саміту G-7: Амерыка не будзе ваяваць, але можа пашырыць санкцыі

24-25 сакавіка лідары краін G-7 сустрэліся ў Гаазе, каб абмеркаваць ядзерную бяспеку. Але іх увага, хутчэй, была прыкавана да таго, што адбываецца ва Украіне, а таксама да пытання санкцый у адносінах да Расіі.

Падчас свайго выступу прэзідэнт ЗША Барак Абама адхіліў крытыку з боку рэспубліканца Міта Ромні, які яшчэ падчас выбараў 2012 года сцвярджаў, што Расія з’яўляецца галоўным геапалітычным ворагам Амерыкі.

Барак Абама: “Расія з’яўляецца рэгіянальнай дзяржавай, якая пагражае некаторым сваім суседзям, але не ад сілы, а ад слабасці”.

Чаму амерыканскі прэзідэнт сказаў менавіта так, разважае Newsweek. Паводле выдання, Абама такім чынам пазбягаў так званай пасткі Джэральда Форда (38-ы прэзідэнт ЗША), які ў 1976 годзе падчас дэбатаў сказаў, што ЗША прызналі савецкую акупацыю Усходняй Еўропы. Мяркуецца, што з-за такога выказвання ён прайграў прэзідэнцкія выбары.

Newsweek: “Абама мудра пазбягае гэтай пасткі, але ён мусіць знайсці новы слоўнік для вызначэння эры Пуціна. Калі працягваць казаць, што Расія "рэгіянальная" і "слабая", то гэта будзе гучаць слаба”.

Таксама Абама пацвердзіў, што Захад не збіраецца ваяваць з Расіяй, але можа прымяніць яшчэ большыя санкцыі, калі Пуцін пойдзе далей за Крым. Што цалкам магчыма, як лічыць амерыканскі ваенны эксперт Седрык Лэйтан:

“Рускія карыстаюцца схемай гульні, якая прадугледжвае падрыхтоўку іх войскаў да ўмяшання альбо прынамсі руху праз Украіну, калі яны адчуюць неабходнасць у гэтым. Я дакладна чакаю, як яны перамясцяцца ва ўсходнюю Украіну і, магчыма, у іншыя вобласці”.

Не выключае такі варыянт і старшыня Каралеўскага інстытута міжнародных адносін (Вялікабрытанія) Радэрык Лайн. У каментары Bloomberg ён перасцерагае кіраўніка Расіі:

“Пуцін ведае, што ўмяшанне ва ўсходнюю Украіну выклікала б значна больш глыбокія заходнія санкцыі, якія б ударылі па яго ахілесавай пяце па расійскай нерэфармаванай эканоміцы”.

Акрамя іншага, Bloomberg уздымае пытанне, чаму ўведзена “так мала” санкцый. Тлумачыць дырэктар Еўрапейскага цэнтра міжнароднай палітычнай эканомікі (Брусель) Фрэдрык Эрыксан:

“ЕС і ЗША сядзяць на зброі масавага знішчэння, калі справа даходзіць да расійскай эканомікі. ЗША і ЕС закладваюць магчымыя эканамічныя санкцыі па кроках, якія пачнуць нарастаць, калі Пуцін будзе паводзіць сябе не так”.

Часта падчас размовы пра санкцыі ўзгадваюць пра залежнасць Еўрасаюза ад расійскіх энергарэсурсаў. Дык вось у Бруселі падлічылі: Расія ўсё роўна згубіць больш. Згодна з разлікамі цэнтра Брэйгель, замена ўсяго расійскага экспарту газа ў 28 краін ЕС будзе каштаваць Расіі 36,5 млрд еўра, альбо 2,2% ВУП. ЕС жа гэта абыдзецца ў 10,8 млрд еўра, альбо 0,08% ВУП.

Варта дадаць, што, прыніжаючы “расійскую пагрозу”, Барак Абама, між іншым, сказаў, што яго больш непакоіць, што ядзерная зброя ўзарвецца на Манхэтане. Як адзначае New York Daily News, нью-ёркцы ўспрынялі заяву як намёк, што іх горад можа стаць мішэнню тэрарыстаў.

Фота: Sean Gallup/Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі