Выпускнікі ВНУ ў крызіс гатовыя адпрацоўваць размеркаванне за 3 мільёны

Выпускнікі ВНУ ў крызіс гатовыя адпрацоўваць размеркаванне за 3 мільёны

Сёлетняе размеркаванне праходзіць няпроста, заявак ад прадпрыемстваў на ўсіх не хапае. Але выпускнікоў бяруць. "Гомсельмаш", які летась вырабіў 146 камбайнаў, бярэ адразу сто выпускнікоў універсітэтаў. Для параўнання, год таму гэтае прадпрыемства вырабляла прадукцыі ў пяць разоў больш.

"Замовілі з тых, хто быў у нас на практыцы. Да сотні прыблізна там, канструктары, тэхнолагі. У сярэднім малады спецыяліст можа разлічваць на тры мільёны, далей, можа, больш", — малююць перспектывы на "Гомсельмашы". На складах прадпрыемства цяпер 138 камбайнаў.

Мінскі падшыпнікавы завод бярэ па размеркаванні 22 выпускнікоў. Абяцаюць працу на поўны тыдзень, хаця ў лістападзе мінулага года прафсаюзы паведамлялі пра перавод часткі рабочых на няпоўны тыдзень.

"Заробак тры мільёны не вельмі падабаецца, але нешта новае не шукала", — кажа аб працы па размеркаванні выпускніца Эканамічнага ўніверсітэта. Яна адпрацоўвае на "Белвары" і працу мяняць не збіраецца. Яе знаёмую на гэтае ж прадпрыемства сёлета ўжо не ўладкавалі.

Выпускнік Тэхналагічнага ўніверсітэта Міхаіл паедзе адпрацоўваць размеркаванне пад Віцебск у лясніцтва бухгалтарам. Ён гатовы працаваць за 3,5 мільёна на перыферыі, бо "працы няма".

"Умовы пакуль асабліва не абмяркоўвалі. На размеркаванні заробак прапаноўвалі ад 3,5 мільёна да 3,7. Цяпер жа знайсці сабе працу бухгалтарам без досведу цяжка".

Перад кожным наборам у ВНУ адмысловая камісія вырашае, якія спецыялісты спатрэбяцца праз пяць гадоў, пасля выпуску. Але спрагназаваць дакладна на пяць гадоў амаль немагчыма, пра што кажа першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. І раіць студэнтам атрымоўваць дадатковую адукацыю.

"Практыка паказвае, што спецыялісты з больш высокім узроўнем адукацыі лепш адаптуюцца да рынка працы. Цяпер запатрабаваныя спецыяльнасці з электронікай, інфармацыйнымі тэхналогіямі, біятэхналогіямі".

На сёлетнім наборы скарацілі спецыяльнасці будаўнікоў, металургаў, ліцейшчыкаў, а дадалі медыкаў і айцішнікаў.

Выпускнікі ВНУ ў крызіс гатовыя адпрацоўваць размеркаванне за 3 мільёны

Бюджэтныя месцы ва ўніверсітэтах зноў скарачаюць

Стане менш будаўнікоў, металургаў, але больш айцішнікаў і медыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі