"Я думаю, людзі стаміліся ад тэлевізара"
У Мінску праходзіць фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus. Яго арганізатар Таццяна Гацура-Яворская разам з адной з удзельніц, рэжысёрам Аленай Хоравай у эфіры Еўрарадыё расказалі пра асаблівасці фестывалю і дакументальнага кіно ў цэлым. Ніжэй — аудыёзапіс размовы і выбраныя ўрыўкі з яе.
Таццяна Гацура-Яворская, арганізатар
"Мы паказваем фільмы пра правы чалавека, яны не могуць быць за грошы... Гэта асветніцкае кіно. Яно бясплатнае для ўсіх жадаючых".
"Мы не змаглі знайсці буйнога спонсара. І ў нас ёсць пазіцыя, не звяртацца ў замежныя фонды. Таму на сённяшні момант другі фестываль дакументальнага кіно праходзіць не ў кінатэатрах а на альтэрнатыўных пляцоўках".
"Пакуль беларускіх фільмаў у нас няма. На наступны год мы хочам развіцца і зрабіць беларускую панэль, паказваць фільмы пра правы чалавека аўтарства беларускіх рэжысёраў. Але на дадзены момант мы спыніліся на сусветных стужках".
"Беларуска Анастасія Мірашнічэнка зняла фільм пра тэатр ў жаночай калоніі пад Гомелем, цяпер яна займаецца яго мантажом".
"Людзі маюць вельмі слабае ўяўленне пра магчымасці дакументальнага кіно".
Алена Хорава, рэжысёр фільма "Кіеў-Масква", прысвечанага падзеям на Майдане зімы 2014 года
"Мы баяліся паказваць свой фільм ва Украіне. Думалі, што на нас абрынецца крытыка з боку тых людзей, якія былі на Майдане, бачылі ўсё сваімі вачамі".
"У Расіі пляцоўкі адмаўляюцца паказваць наш фільм. Толькі двойчы яго паказвалі. Цяпер вось праз тыдзень будзе трэці раз, у Казані. Паглядзім, якой будзе рэакцыя".
"Я думаю, людзі стаміліся ад тэлевізара. Людзі хочуць лепш бачыць свет, больш рэалістычным".
"Раней я думала, што дакументальнае кіно занудлівае і сумнае. Потым я ўбачыла, што рэжысёры бяруць камеру і сочаць за жыццём іншых людзей. Гадамі сочаць... Ты сам робіш высновы, проста назіраючы за гэтым".
"Рыхтавацца да прагляду дакументальнага кіно не трэба. Галоўнае, каб была цікавасць да тэмы".
Расклад паказаў фестывалю можна паглядзець тут.