"Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч": выстава, на якую прымаюць усіх, чакае заявак
Вольга Кліп / Яўгенія Мужава
Пяты раз кожны, хто адчувае сябе мастаком, зможа ўзяць удзел у выставе "Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч". Праект вядомы тым, што дзякуючы яму паказаць сваю работу — карціну, скульптуру, інсталяцыю — можа кожны ахвотны.
Але сёлета выстава пройдзе ў віртуальным фармаце, па яе матывах выдадуць каталог. Нязменная куратарка самай дэмакратычнай выставы Вольга Кліп сёлета займаецца арганізацыяй з Польшчы, дапамагае ёй гданьскі Цэнтр сучасных мастацтваў Лазня.
Кліп знаходзіцца ў Польшчы з пачатку красавіка — але не на эміграцыі. Галерыстка прыехала ў Гданьск па стыпендыі ад польскага Мінкульта Gaude Polonia. Што новага ў выставе, адкрытай для ўсіх, хто лічыць сябе мастаком, высвятляла карэспандэнтка Еўрарадыё.
"Каб работа "пралезла" ў віртуальнае сховішча"
Удзельнічаць у выставе па-ранейшаму могуць усе.
"Да ўдзелу ў праекце запрашаем усіх мастакоў з найлепшым творам незалежна ад узроўню адукацыі і папярэдняга выставачнага досведу, полу, узросту і светапогляду, якія працуюць у любых тэхніках, жанрах і стылях, з любымі матэрыяламі", — кажа Кліп.
Мастакі павінны даслаць фота работы. Яе разам з кароткай інфармацыяй пра карціну апублікуюць у каталогу, які выпусцяць па матывах выставы.
У мінулых сезонах — а сёлета выстава пройдзе ўжо пяты раз — для ўдзельнікаў была толькі адна ўмова. Работа павінна была пралезці ў дзверы. Гэтым разам выстава пройдзе ў віртуальным фармаце, работы ўдзельнікаў на сценах галерэі не з'явяцца, такім чынам, і дзвярэй таксама няма.
— Сёлета адзінае абмежаванне ў памеры фатаграфіі работы, якую дашле мастак. Фота не павінна перавышаць памеру дзесяць мегапікселяў, каб яно змагло змясціцца ў маё віртуальнае сховішча, — смяецца Вольга.
Як аформіць віртуальную галерэю
Для мастакоў важна мець магчымасць убачыць свае работы на сцяне рэальнай галерэі. І ўсё роўна ўжо шмат аўтараў падалі заяўкі на ўдзел у віртуальнай выставе. Некаторыя з іх — гэта ўжо заўсёдныя ўдзельнікі "Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч", і ў гэтым "касцяку" каля сотні мастакоў!
Фізічную пляцоўку не ўдалося арганізаваць у тым ліку таму, што ў Еўропе яны распісаныя на некалькі гадоў наперад, кажа Кліп. Так што стварэнне афлайн-выставы — рэч не хуткая.
Тым не менш арганізатары паспрабуюць стварыць анлайн-галерэю такім чынам, каб яна максімальна нагадвала рэальную выставу мінулых гадоў.
— Пакуль мы ўсё яшчэ шукаем адказ на пытанне, як менавіта мы гэта зробім. Але віртуальныя выставы ў апошні год — распаўсюджаная практыка, — кажа Вольга. — Так, для мастака вельмі важна бачыць сваю работу на сцяне галерэі, але, я спадзяюся, мастакі ацэняць магчымасць удзелу ў міжнародным праекце пры падтрымцы паважанай еўрапейскай інстытуцыі, хай і віртуальна. Мы пачалі прыём работ даволі даўно і падаўжалі яго. І хоць, думаю, удзельнікаў будзе менш, чым летась, для нас важна, каб праект адбыўся так ці інакш.
Куратарка выставы яшчэ не адгледзела ўсе работы, але ўжо цяпер можа сказаць, што "тэматыка, звязаная з падзеямі 2020 года" ў іх "дакладна прысутнічае".
Каб прыняць удзел у праекце, неабходна да 10 траўня 2021 года запоўніць заяўку на сайце яяя.бел і аплаціць удзел у выставе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.