"Я пераацаніла магчымасці". Чаму праўладныя кандыдаты здымаюцца з выбараў
Цэнтрвыбаркам сёлета зарэгістраваў 521 кандыдата ў дэпутаты — няслаба, конкурс — амаль пяць чалавек на месца. Але пакуль некаторыя апазіцыйныя кандыдаты, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, судзяцца з выбаркамамі, амаль два дзясяткі зарэгістраваных праўладных адмовіліся ад удзелу ў выбарах добраахвотна. Спрабуем высветліць, чаму.
"Напэўна, я пераацаніла свае магчымасці. Я зразумела, што школа і праца на сёння для мяне знаходзяцца ў прыярытэтным становішчы. Вельмі шмат працы. Пачатак навучальнага года, падрыхтоўка, аб'езды... Таму вось так. А больш я каментаваць не буду. Я не абавязаная вам адказваць", — расказвае дырэктар 207-й школы Мінска і сябра Камуністычнай партыі Беларусі Кацярына Саўчук. Яна балатавалася па 100-й Ясенінскай акрузе разам з апазіцыянерам Юрасём Меляшкевічам і першым намеснікам дырэктара "Горрэмаўтадара" Аксанай Гайдук. Ці паспрабуе свае сілы ў палітыцы ў будучыні, спадарыня Саўчук гаварыць катэгарычна адмаўляецца.
У адрозненне ад сваёй калегі са школы №7 Барысава Інэсы Зелянкевіч. Разам з ёй у акрузе балатуецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тамара Красоўская, таму шанцаў у дырэктара ад пачатку было няшмат. Але Зелянкевіч настойвае: ад выбараў адмаўляецца толькі з сямейных прычынаў. І ў будучыні абавязкова хоча паспрабаваць прабіцца ў парламент.
"Я б яшчэ раз паспрабавала. Проста так склаліся абставіны, што вось трэба выбраць. Альбо сям'я, альбо... Ну, вы разумееце. Я вырашыла пайсці на карысць сваёй сям'і. Я люблю сваю прафесію, люблю школу. Адданая гэтай справе, працую шмат гадоў", — гаворыць Зелянкевіч.
Спіс пераможцаў парламенцкіх выбараў, якія пройдуць 11 верасня
Еўрарадыё за месяц да дня галасавання склала свой спіс пераможцаў і, адпаведна, будучых дэпутатаў.
У Хойніцкай акрузе №47 таксама балатуецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў — Святлана Чакан. Канкурэнцыю ёй спрабавала арганізаваць кіраўніца мясцовай ячэйкі БРСМ Людміла Гаркуша. Яна нават атрымала падтрымку свайго працоўнага калектыву і была зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты. Аднак усё ж адмовілася ад удзелу ў выбарах. Пра прычыны такога рашэння Людміла Гаркуша адмаўляецца размаўляць катэгарычна:
"Без каментарыяў. Да пабачэння"
Дарэчы, вялікая колькасць тых, хто зняў сваю кандыдатуру, насцярожыла нават старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, якая ўжо заявіла, што, імаверна, яны павінныя будуць кампенсаваць выдаткі выбарчых камісій, якія кандыдатаў рэгістравалі. Начальніка Іванаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў Генадзя Яльца такая перспектыва пакуль не палохае. Чыноўнік кажа, што адмовіўся ад удзелу ў выбарах праз "жыццёвую абстаноўку", а пра магчымую кампенсацыю для ЦВК пакуль нічога не чуў:
"Змянілася абстаноўка жыццёвая. Таму адмовіўся. Ці буду гатовы кампенсаваць выдаткі выбаркамаў? Пакуль мяне аб гэтым ніхто не інфармаваў".
Зарэгістраваных кандыдатаў, якія адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах, робіцца ўсё больш. Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёлета пройдуць 11 верасня.