Ягораў: Не будзе крымінальных спраў ― не будзе і жорсткай рэакцыі Захаду
На думку палітолага Андрэя Ягорава, жорсткая рэакцыя беларускіх уладаў як на акцыю да Дня Волі, так і на “антыдармаедскія” выступы беларусаў могуць і не выклікаць сур'ёзнай рэакцыі Захаду. У тым выпадку, калі ўлады не дадуць ходу крымінальным справам у дачыненні да так званых “баевікоў”.
Ягораў: “Захад будзе цягнуць з прыняццем сур'ёзных рашэнняў да апошняга. Будуць нейкія гучныя заявы з патрабаваннямі вызваліць усіх затрыманых, не парушаць правы чалавека і гэтак далей, але калі да судоў па крымінальнай справе аб нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў не дойдзе, то і да нейкіх санкцый ці іншых жорсткіх рашэнняў не будзе. Нават спыняць палітычны дыялог з Мінскам Захад не будзе”.
Разам з тым палітолаг звяртае ўвагу на тое, што пераважная большасць затрыманых ― нацыянальна арыентаваныя людзі. І затрыманнем менавіта іх, не выключае Ягораў, Мінск дэманструе Крамлю сваю лаяльнасць.
Што да жорсткага разгону 25 сакавіка, то, па словах Ягорава, ўлады рабілі ўсё магчымае, каб не даць людзям сабрацца. Маўляў, калі б на месцы збору святкавання Дня Волі сабралася хаця б якіх дзесяць тысяч чалавек, то гэта дало б штуршок для новых, больш масавых “антыдармаедскіх” акцый пратэсту.