Як англійскі футбаліст стаў “крумкачом” дзякуючы адмене віз на 5 дзён

Як англійскі футбаліст стаў “крумкачом” дзякуючы адмене віз на 5 дзён

Адным з першых пяцідзённым бязвізавым рэжымам, што ўвяла Беларусь з 12 лютага, скарыстаўся англійскі футбаліст, выхаванец славутага “ЛіверпуляУэйд Максвэл. Апошняй камандай 19-гадовага легіянера быў "Барнслі", цяпер у статусе вольнага агента ён вырашыў паспрабаваць свае сілы ў мінскіх “Крумкачах”.

“Мне патэлефанаваў агент і прапанаваў паехаць у беларускі футбольны клуб. І вось я тут, — усміхаецца хлопец. — Я прачытаў пра клуб і ведаю, што ён даволі моцны, што ён быў заснаваны ўсяго некалькі гадоў таму. Яны пачыналі для забавы, але прабіліся, што кажа пра іх добры ўзровень. Мне падаецца, што ўзровень беларускага футбола даволі высокі. На трэніроўцы мы гулялі гадзіну, гэта быў добры футбол”.

Каб трапіць у нашу краіну, Уэйд скарыстаўся пяцідзённым бязвізавым рэжымам, які з 12 лютага ўвяла Беларусь для грамадзян 80 краін. Але ў аэрапорце яго чакаў сюрпрыз. Англічанін трохі паспяшаўся і прыляцеў… 11 лютага. У выніку давялося чакаць у аэрапорце наступнага дня. Сам Уэйд пра прыгоды згадвае неахвотна.

“Мне давялося чакаць у аэрапорце дзве з паловай гадзіны, пакуль запрацуе бязвізавы рэжым для замежнікаў, — апусціўшы вочы, кажа паўабаронца. — Гэта вясёлая гісторыя. Цяпер у мяне пяць дзён на тое, каб падпісаць кантракт. Калі гэта атрымаецца, то мне, напэўна, зробяць візу, але дакладна я не ведаю. У мяне ёсць зваротны квіток”.

Уэйд ужо трэніраваўся з беларускімі футбалістамі, нават узяў удзел у спарынгу. Паўабаронца кажа, што ў "Крумкачах" яго прынялі добра.

“Адзіная розніца паміж трэніроўкамі ў вас і ў Брытаніі — надвор’е, у вас холадна, — усміхаецца Уэйд Максвэл. — З-за надвор’я адчуваю сябе крыху сонным, але гэта акліматызацыя. Заданні, якія прапануе трэнер, адрозніваюцца. І даволі складана зразумець, што ён патрабуе. Але мне дапамагаюць паплечнікі па камандзе. Калі застануся, то абавязкова буду вучыць рускую мову”.

У марах хлопца выйграць “Лігу чэмпіёнаў”. “Але для пачатку трэба перамагчы ў беларускай лізе”, — усміхаецца футбаліст.

Пакуль адзінае месца, куды Уэйд выходзіў будынка сталічнай Акадэміі футбола, дзе цяпер базуюцца “Крумкачы”, — суседняя крама. Спадзяецца, што ў бліжэйшым часе атрымаецца пагуляць па Мінску, зрабіць некалькі здымкаў і даслаць іх бацькам, якія рады, што сын трапіў у Беларусь. У аўторак ўвечары Уэйд разам з іншымі футбалістамі плануе наведаць матч хакейнага “Дынама”.

Старшыня праўлення “КрумкачоўДзяніс Шунто кажа, што ў Максвэла яшчэ не было магчымасці нармальна сябе праявіць і нават проста адаспацца. Таму ў клубе плануюць зрабіць хлопцу візу, каб ён змог застацца да заканчэння збораў і ў поўнай меры сябе паказаць.

Калі ён падыдзе клубу, то за чэмпіянатам Беларусі будзе сачыць яшчэ цікавей: разам з першым у гісторыі першынства фінам, якога падпісаў “Шахцёр”, на поле выйдзе і першы англічанін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі