Як атрымаць візу на “Басовішча” і трапіць на фестываль
Арганізатары фэсту дамовіліся з польскім консульствам на візы для наведвальнікаў з Беларусі.
Як стала вядома Еўрарадыё, сёлета атрымаць візу на “Басовішча” можна будзе толькі набыўшы тур на аўтобус. Адпаведная дамова ўжо дасягнутая паміж арганізатарамі фестывалю і польскім консульствам у Беларусі. Паводле папярэдняй інфармацыі, візы для моладзі да 25 гадоў будуць бясплатнымі, астатнім давядзецца заплаціць стандартныя 60 еўра за Шэнген. Замовіць тур можна будзе ў турагенцтве “Дэльфін-груп” па тэлефонах: (044) 710 43 68 і (029) 708 95 18. Агенцтва таксама зоймецца афармленнем дакументаў для консульства і ўласна іх падачай.
Колькі будзе каштаваць тур, пакуль невядома. Але з досведу мінулых гадоў, верагодна, што праезд абыдзецца, прыкладна, ў 40-60 еўра.
"Басовішча" — фэст маладой беларускай музыкі, які адбываецца штогод у польскім Гарадку на мяжы з Беларуссю. У сёлетнім двухдзённым форуме, што пройдзе 19 і 20 ліпеня, возьмуць удзел гурты Akute, Clover Club, Died Moroz Convention, Perkalaba, Pomidor/off і многія іншыя.