Як эканомілі чыноўнікі ў Год беражлівасці?
"Валявым рашэннем чыноўнікі адмаўляліся ад закупак асадак ды алоўкаў".
За год тарыф на святло падымаўся сем (!) разоў. А ці эканоміла Мінэнерга ў Год беражлівасці?
"У нас праграма на афіцыйным сайце вывешаная", — кажуць мне ў прэс-службе ведамства, але адказаць на пытанне, на чым зэканомілі бюджэтныя грошы, гэта толькі на прэс-канферэнцыі, праз тры дні. Няўжо за гэтыя дні і зэканомяць.
Затое ў Мінэканомікі пачалі эканоміць… паперу!
"Толькі ў сферы энергазберажэння выконвалася болей за 1.300 мерапрыемстваў. У нас канкрэтна стала меней капіравання файлаў. Папяровы варыянт атрымлівае кіраўніцтва, а астатнія працуюць з электроннымі дакументамі", — кажуць Еўрарадыё ў Мінэканомікі.
"Многа розных мерапрыемстваў па эканоміі ў Год беражлівасці", — ажыццяўляла Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але ні пра адно з тысячы мерапрыемстваў тут не могуць успомніць, просяць прыслаць запыт. Заўважу, што ніводная з арганізацый, падначаленых гэтаму міністэрству, не купляла ў 2013 годзе службовае аўто танней за 100 мільёнаў.
Дарэчы, у 2013 годзе чыноўнікі куплялі аўтамабілі проста як у краму схадзілі. Каб так куплялі трактары МТЗ — дык склады даўно разгрузіліся б.
Апошнімі, напрыклад, падаюць заяўку на аўто ў Лагойскім райвыканкаме. Набываюць адразу дзве машыны — за 147 і 170 мільёнаў рублёў. А як з эканоміяй?
"Мы выконваем розныя праграмы, у тым ліку, і па энергазберажэнні. Калі вы маеце на ўвазе закупка аўтатранспарту, дык гэта планавая закупка. Аўтамабіль мае вызначаны тэрмін — 8-10 гадоў і прыходзіць у такі стан, што рамантаваць немэтазгодна", — чаканяць у Лагойскім райвыканкаме.
Чыноўнік між тым разважае, што новы аўтамабіль — гэта эканомія.
"Рамонт вылазіць у такія сумы, што рамантаваць яе не мае сэнсу і гэта таксама своеасаблівая эканомія сродкаў!" — кажуць у Лагойскім райвыканкаме.
І тое праўда! Генеральная пракуратура рамантуе Аўдзі S8. Адно "ліццё" на аўто прэміум-класа — гэта каля 2000 долараў!
А ў падатковай Савецкага раёна Мінска адрамантавалі ганак — адразу на 150 мільёнаў.
“Дык мы ўжо ўсё зрабілі, там меней пайшло, чым 150 мільёнаў, ці 129 мільёнаў”, — кажуць у падатковай.
На сістэму відэаназірання ў 15-тысячных Мастах Гродзенскай вобласці выдаткоўваюць каля 100 мільёнаў. На барацьбу з карупцыяй грошаў не шкада:
“Дык усе райвыканкамы абавязалі ўсталяваць сістэму ў мэтах выканання абласнога плана па барацьбе з карупцыяй і злачыннасцю. У нас невялікая карупцыя, і злачыннасць быццам бы не вельмі. І я задаваў гэтае пытанне распрацоўшчыкам: дык з чым змагаемся, са злачыннасцю ці з карупцыяй. Калі б з карупцыяй — мне танней... Я б у будынку павесіў камеры і ўсё, але аблвыканкам болей цікавіць злачыннасць”.
Еўрарадыё распытвае, як у Мастах з эканоміяй:
“Ад пакупкі дробязяў канцылярскіх ўвогуле адмовіліся. Валявым рашэннем! А то да смешнага даходзіла — чыноўнікі прыходзілі і прасілі алоўкі!”