Як Еўрарадыё прадавала мару кіраўніка дзяржавы Geely

"Тое, пра што марылі мы, і я ў тым ліку, здарылася! Мы вырабілі беларускі аўтамабіль з нашымі кітайскімі сябрамі", — кажа кіраўнік дзяржавы і падпісвае ўказ аб будаўніцтве завода ў Беларусі, маўляў, “вялікія аўто вырабляем, а народны аўтамабіль для беларускага народа вырабіць не можам?”.

І сапраўды. Забягаючы наперад, вырашаем знайсці пакупнікоў беларускага аўто.

На сайце дзяржзакупак усяго некалькі заявак на набыванне менавіта гэтай маркі. Дакладней, з 4399 заявак на закупку і рамонт аўто — толькі 36 на закупку Geely.

Тэлефаную ў Жлобінскі філіял Гомельскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Яны якраз набылі гэты аўтамабіль.

“Улетку набылі, добрая машынка! — я шчыра радуюся, але ў Жлобіне працягваюць: — Праз колькі месяцаў пачало нешта стукаць, нешта адкруцілася. У нас начальнік вельмі разбіраецца ў аўтамабілях, таму мы адправілі яе на абслугоўванне. Гэта адзін з плюсаў, што абслугоўванне — тры гады”.

Дазвоньваюся да старшыні Салоніцкага сельвыканкама, што ў Полацкім раёне. Мікалай Фёдаравіч сам ездзіць на аўтамабілі Geely SC7 ужо 10 дзён. Да гэтага былі "Жыгулі".

“Хто купіў, усе хваляць — а хто яго ведае, як там далей будзе. Цёплая, заводзіцца з паўабароту. Жвавенькая, па салоне бачна, што кітайская пластмаса, але болей нічога дрэннага не скажу”, — добрыя словы ад Мікалая Фёдаравіча. Пытаюся, ці выбраў бы ён Geely для асабістага карыстання, той смяецца:

“Я езджу толькі на Audi і Volkswagen, і сын купіў, мы ездзім толькі на нямецкіх асабіста. А службовыя — Geely”, — выдае старшыня сельвыканкама. 

Тады спрабую прапанаваць беларускі аўтамабіль Geely патэнцыйным пакупнікам — тым, што пакінулі болей за 4000 заявак на закупку службовых аўтамабіляў на сайце дзяржзакупак.

Дзейнічаю, як заўзяты гандляр: актыўна прапаноўваю, намякаю, ці не хацелася б ім ездзіць на аўтамабілі з мараў кіраўніка дзяржавы, пераказваю хвалебныя оды пра аўто. Пакупнікі з Гомельскага аблвыканкама неяк вельмі ўжо цяжка ўздыхаюць:

“Мы марку не ўказваем, хто пераможа ў тэндары”, — кажуць у Гомелі.

Еўрарадыё: А што больш хочаце?

Гомельаблвыканкам: “Апошні раз бралі Kia і Nissan”.

“Мінскаблаўтатранс” набывае адразу 5 аўто для кантрольна-рэвізійнай службы. Чамусьці да Geely тут настроеныя скептычна.

 “Ну Geely — гэта як “карэйцы”, як Daewoo. Renault, Audi — гэта зусім іншы ўзровень аўтамабіляў!” — кажуць мне ў “Мінскаблаўтатрансе”.

Пытаюся ў механіка санаторыя “Баравое” кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ігара Георгіевіча, чаму на дазволеныя прэзідэнтам 25 тысяч еўра купляюць не Geely.

“Geely? А гэта што такое — першы раз чую пра Geely”, — перапытвае механік. Цягам размовы механік успамінае, што за аўто — “гэта як Samand?” — і нават прыпамінае вопыт набыцця кітайскіх аўтамабіляў — быў кітайскі грузавік Mudan.

“Нам казалі, там рухавік, там усё! А на справе атрымалася, калі мінус 20 градусаў, вадзіцель коўдру на ногі і пагнаў. Ледзь пазбавіліся. А Geely — няхай сябе спачатку зарэкамендуе, а потым будзем купляць”, — мяркуе механік.

Таму для службовых мэтаў санаторый кіраўніцтва справамі прэзідэнта купляе не мару прэзідэнта, а ўсяго толькі SKODA Superb Facelift. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі