Як міліцыя і МНС адрэагавалі на ўзгаранне дзвюх жанчын у кавярні
Відэа на якім бачна, як у бабруйскай кавярні “Дольчэ Віта” загарэліся дзве жанчыны, выклікала значны розгалас. Але яшчэ больш здзівіла тое, як ад самага пачатку на гучнае здарэнне адрэагавалі праваахоўныя ведамствы.
Да прыкладу, у зводках магілёўскай міліцыі аб тым, што здарылася, не паведамілі ні радка. У Следчы камітэт матэрыялы, датычныя інцыдэнта, таксама не трапілі.
Пацярпелыя падчас здарэння сёстры — Галіна Голуб і Людміла Лацук — непакоіліся: няўжо справу вырашылі “замазаць”? Жанчын непакоіць, што ўладальнікі кавярні могуць мець сувязі на вярхах.
Узгаранне ў бабруйскай кавярні не праходзіла і ў зводках Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як тлумачаць у ведамстве, здарылася гэта з-за таго, што падчас інцыдэнту ратавальнікаў у кавярню не выклікалі.
“Кіраўніцтву Міністэрства дакладзена аб гэтай сітуацыі. Цяпер туды (у кавярню, — Еўрарадыё) накіраваныя нашы спецыялісты для разбіральніцтва”, — паведамляе прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі.
Тым часам, паводле інфармацыі ад пацярпелых, праверку здарэння праводзяць у бабруйскай міліцыі.
“Днямі мне адтуль тэлефанавалі: не могуць знайсці для нейкай экспертызы маю медыцынскую картку. Хоць мне яна патрэбная, бо я перыядычна хаджу ў паліклініку: у мяне няважная кардыяграма, не зажылі вушы. А з оперупаўнаважаным непасрэдна сустракалася сястра, якая аб праверцы ніякіх падрабязнасцяў таксама не ведае”, — распавядае Еўрарадыё Галіна Голуб, адна з пацярпелых.
Звяртаемся у прэс-службу УУС Магілёўскага аблвыканкама. Аднак там Еўрарадыё прапаноўваюць скласці пісьмовы запыт. Чакаць адказу на такі запыт часам даводзіцца па некалькі тыдняў.
“Ці можна гэта расцаніць так, што вы адмаўляецеся даваць каментарый па тэме?” — пытаемся ў Дзмітрыя Ігнатовіча, кіраўніка аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама.
“Так, можаце напісаць, што пакуль ніякіх каментарыяў не далі”.
Нагадаем, што надзвычайнае здарэнне ў бабруйскай кавярні “Дольчэ Віта” здарылася 12 верасня, хоць вядома пра яго стала толькі на пачатку кастрычніка.
На відэа бачна, як падчас падачы шашлыкоў на барнай стойцы кавярні запалілі полымя, як часам бывае падчас фаер-шоў. У кавярні “Дольчэ Віта” Еўрарадыё пракаментавалі, што такім чынам насамрэч запалілі некалькі алкагольных кактэйляў, адзін з якіх разліўся.
У адзін з момантаў успыхнулі дзве сястры, якія сядзелі недалёка ад барнай стойкі. Кіраўніцтва кавярні высунула версію, што гэта здарылася з-за вялікай колькасці лаку для валасоў.
Самім пацярпелым падалося, што ўзгаранне магло здарыцца з-за таго, што на іх трапіла вадкасць, якой карыстаюцца падчас фаер-шоў.
Фота: Fototop