Як міліцыянт "звольніў" прафесара за бутэльку каньяку, якую тая не брала

Как милиционер “уволил” профессора за бутылку коньяка, которую та не брала

У рэдакцыю Еўрарадыё напісала дачка прафесара сельгасакадэміі ў Горках Раісы Ляньковай. Па словах Ірыны Ляньковай, супрацоўнік Горацкага РАУС, маёр Раман Цербаў некалькі месяцаў "цкуе" яе 76-гадовую маці, прымушаючы звольніцца з ВНУ, у якім тая прапрацавала амаль паўстагоддзя.

Ірына даслала нам ліст, у якім яе мама просіць СМІ звярнуць увагу на сітуацыю. Еўрарадыё звязалася з Раісай Канстанцінаўнай, каб высветліць, у чым справа.

"Справе вось-вось дадуць ход, але калі я звольнюся, то змагу пазбегнуць ганебнага затрымання"

"Падзеі, пра якія ідзе гаворка, пачаліся 12 сакавіка 2018 года і адбываюцца па гэты дзень, — плача ў трубку Раіса Лянькова. — Ад сяброў і сваякоў я стала даведвацца, што іх аднаго за адным Цербаў пачаў выклікаць на допыты і распавядаць, што ў Горацкім РАУС маюцца доказы, якія б выкрывалі мяне ў хабарніцтве. Ён усяляк даваў зразумець, што сітуацыя сур'ёзная, і нібыта крымінальнай справе вось-вось дадуць ход, але калі я звольнюся з акадэміі па ўласным жаданні да 15 сакавіка 2018 года, то змагу пазбегнуць ганебнага затрымання і пазбаўлення волі".

Как милиционер “уволил” профессора за бутылку коньяка, которую та не брала

Раіса Лянькова — выкладчык БДСГА ў Горках, доктар эканамічных навук. У 2003 годзе ёй было прысвоенае Навуковае званне прафесара, з 2013 па 2017 працавала загадчыцай кафедры матэматычнага мадэлявання эканамічных сістэм АПК факультэта эканомікі. Аўтар больш за 250 навуковых прац. Пра сябе кажа як пра патрабавальнага выкладчыка. У вольны час наведвае басейн, ездзіць на ровары.

Па словах прафесара, за некалькі дзён з Цербавым пагутарылі яе дачка, некалькі сябровак і дэкан факультэта эканомікі.

"Я працую ў медыцынскім універсітэце ў Менску і не жыву ў Горках з 16 гадоў, — распавядае Ірына Лянькова. — 12 сакавіка аб 11:00 мне патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся маёрам АБЭЗ, і выклікаў мяне ў Горкі, каб паразмаўляць наконт працы маёй маці. Я стала тлумачыць, што так хутка не магу прыехаць, але ён даў зразумець, што трэба тэрмінова, маўляў, калі не адрэагую, мяне выклічуць праз адміністрацыю ўніверсітэта. Я мабілізавалася і выехала. Да нашай сустрэчы ён тэлефанаваў мне некалькі разоў — гэта было падобна на нейкую тэлефонную атаку, я перастала здымаць.

У Горацкім РАУС мяне абшукалі, я пакінула сумку, мабільны тэлефон, пайшла на размову. Акрамя агульных дадзеных, дзе жыву, чым займаюся, чаму на маё імя нібыта зарэгістравана два тэлефона, ён назваў прозвішчы маміных студэнтаў-завочнікаў, спытаў, ці ведаю іх. Я сказала, што не. Тады ён сказаў, што яму вядома, што такога чысла 2017 года я з маці быццам бы размаўляла па тэлефоне, і быццам бы там мы згадвалі гэтыя прозвішчы. Гэтага не было. Я спытала, у чым яе падазраюць і чаму выклікалі мяне, а не яе. Ён адказаў: "Не, мы ні ў чым не падазраём. Я асабіста да яе нічога не маю, але ёй лепш звольніцца". Я адказала, маўляў, перадам, але ён сказаў, што не трэба нічога перадаваць. Не паспела выйсці, як мне патэлефанавала мама, якую выклікаў дэкан эканамічнага факультэта, дзе яна працуе. Ён параіў ёй звольніцца, таму што будзе тое ж самае, што і з адным супрацоўнікам, якога аднойчы вось так пасадзілі. Потым яшчэ тэлефанавала яе знаёмая, якая сказала, што з ёй таксама звязваўся маёр і папрасіў намякнуць, маўляў, хай звальняецца. Я ўбачыла, што мама страшэнна нервуецца і, пабаяўшыся, што з ёй што-небудзь здарыцца, ўгаварыла з'ехаць у Мінск, пахадзіць па ўрачах".

Сапсаваная рэпутацыя і звальненне

76-гадовая выкладчца моцна расхвалявалася. Раіса Канстанцінаўна расказвае, што зразумела: "Змагацца з тым брудам, які Цербаў ўжо выліў, не хопіць ні сіл, ні здароўя".

Змірыўшыся, прафесар напісала заяву аб звальненні з акадэміі па ўласным жаданні. "Каб зразумець, напэўна, трэба апынуцца ў такой абсурднай сітуацыі. Цяпер я разумею, што нельга здавацца адразу", — успамінае яна.

Паводле яе слоў, пасля гэтага ціск з боку АБЭЗ спыніўся. Як быццам бы міліцыя наогул ніколі не мела да яе прэтэнзій. Але Горкі — горад невялікі, і па ім адразу ж папаўзлі чуткі: маўляў, прафесара звольнілі за хабар, за які была набытая кватэра ў Мінску. Казалі нават, што дома ў яе знайшлі 60 тысяч долараў.

Учорашняя выкладчыца стала пісаць скаргі ў пракуратуру, КДБ і МУС з просьбай разабрацца ў сітуацыі. І ў красавіку нечакана атрымала з УУС Магілёўскага аблвыканкама... копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні ў дачыненні да яе крымінальнай справы!

Как милиционер “уволил” профессора за бутылку коньяка, которую та не брала
Как милиционер “уволил” профессора за бутылку коньяка, которую та не брала

“З яе я даведалася, што ў 20-х чыслах лютага нейкія Наталля Леванкова і Марыя Скараходзенка, якія вучацца на завочным аддзяленні ў акадэміі, у красавіку 2017 года здавалі мне экзамен, а праз 10 месяцаў, жывучы ў розных гарадах, амаль адначасова вырашылі "добраахвотна паведаміць" Горацкаму РАУС, што дзеля паспяховай здачы праз пасярэдніка перадалі для мяне бутэльку каньяку. Пасярэднік, адзін з работнікаў акадэміі, быў дапытаны і пацвердзіў, што каньяк у студэнтак ўзяў, але мне не перадаў і, як напісана ў пастанове, "распарадзіўся ім па ўласным меркаванні"”, — распавядае Раіса Лянькова.

"Прыкметы правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі"

З Наталляй Леванковой у Еўрарадыё пагутарыць не атрымалася, але мы датэлефанаваліся да Марыі Скараходзенка. Дзяўчына жыве ў Жодзіне і пра сітуацыю з Раісай Ляньковой кажа неахвотна:

"Чыста па-чалавечы, [Лянькова такога стаўлення] яна не вартая. І я давала другое тлумачэнне, зноў жа, супрацоўнікам [РАУС], у якім усё патлумачыла, як было на самой справе. Больш я не хачу ўспамінаць вось гэта вось усё і нічога тлумачыць".

Але "як было на самай справе", Скараходзенка нам распавядаць не хоча.

Пераканаўшыся, што крымінальнай справы няма (хоць у копіі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якая дайшла да яе, і паказана, што ў яе дзеяннях маюцца "прыкметы правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі"), Раіса Лянькова вярнулася на працу ў родную ВНУ. Але паставіць на гэтым шчаслівую кропку не ўдалося.

"Даведаўшыся пра маё вяртанне, Цербаў пачаў дзейнічаць па адпрацаванай схеме. Мне тэлефанаваў былы студэнт і казаў, што яму наконт мяне тэлефанавалі з міліцыі і запрашалі на размову. Ён сказаў, што не пойдзе, але, баюся, рана ці позна Цербаў знойдзе тых, хто будзе гатовы распавесці прыгожую казку пра тое, які я карупцыянер", — распавядае прафесар.

На сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама сказана, што Горацкі АБЭЗ, у якім служыць Раман Цербаў, два гады таму быў прызнаны лепшым у вобласці. На старонцы маёра "Вконтакте" пазначана: калісьці ён сам вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі. Раіса Лянькова такога студэнта не памятае.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Церабава, але ён быў нешматслоўны: "Усё, што я ажыццяўляю, тычыцца выключна маёй службовай дзейнасці".

"Сітуацыя, якая адбылася са мной, можа адбыцца з любым выкладчыкам у нашай краіне. Варта знайсці патрэбных людзей, надаць усяму в законную форму, і любога прафесара, доктара навук можна выставіць карупцыянерам, — падводзіць вынік Раіса Лянькова. — Я распавядаю гэтую гісторыю, таму што спадзяюся, што хоць бы пасля яе абнародавання Раман Цербаў спыніць рабіць тое, што робіць. Таму што так проста нельга. Я ўсяго толькі хацела выкладаць у акадэміі, але не думала, што гэта можа быць спалучана з небяспекай".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі