Як мінімум 78 чалавек загінулі ў караблекрушэнні ля берагоў Грэцыі
На борце судна магло быць да 400 чалавек / Reuters
Ля берагоў Грэцыі працягваецца выратавальная аперацыя — напярэдадні за 80 км ад берага перакулілася рыбалавецкае судна, на борце якога, паводле некаторых звестак, было каля 400 мігрантаў. Яны плылі з лівійскага порта Табрук у Італію.
Ужо вядома пра 78 загінулых. 104 чалавекі былі выратаваныя, піша Reuters. Гэтае караблекрушэнне стала адным з самых смертаносных за апошнія гады ў Еўропе. Грэцкія ўлады кажуць, што берагавая ахова бачыла дзіўнае судна. Мігрантам некалькі разоў прапаноўвалі дапамогу, але яны адмаўляліся.
"Гэта была рыбацкая лодка, напханая людзьмі, якія адмовіліся ад нашай дапамогі, бо хацелі адправіцца ў Італію", — заявіў прадстаўнік берагавой аховы Нікас Алексіу.
Судна знаходзілася ў міжнародных водах, калі пачало тануць. Alarm Phone, які кіруе транс-еўрапейскай сеткай падтрымкі выратавальных аперацый, кажа, што атрымаў паведамленні ад людзей позна ўвечары ў аўторак. У паведамленні гаварылася, што на борце знаходзіцца да 750 чалавек, а капітан збег на невялікай лодцы. Судна затанула ў ноч на сераду. Reuters таксама адзначае, што з 2014 года ў цэнтральным Міжземнамор'і зарэгістравалі больш за 20 000 смерцяў і знікненняў. Гэты шлях лічыцца для мігрантаў самым небяспечным месцам перасячэння мяжы ў свеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.