Як "на бульбу" трапіла загінулая 13-гадовая школьніца, калі працаваць можна з 14
"Дзеці едуць на бульбу з задавальненнем. Іх адвозілі на машыне з аддзела адукацыі райвыканкама", ― так у Маладзечанскай школе №11 распавядаюць пра паездкі школьнікаў на прыборку ураджаю.
Сёння школьнікі таксама мусілі прыбіраць бульбу на палях гаспадаркі "Усход-агра". Не паехалі. Не паедуць, хутчэй за ўсё, ужо ніколі. 29 верасня падчас прыборкі бульбы вучаніца восьмага класа Вікторыя трагічна загінула пад коламі МАЗа.
Кіроўца здаваў назад, а дзяўчынка не чула ні гука машыны, ні воклічаў аднакласнікаў, бо мела праблемы са слыхам.
Хто адправіў 13-гадовых школьнікаў прыбіраць ураджай?
Па законе, працаваць можна толькі з 14-ці гадоў і толькі з пісьмовага дазволу бацькоў. Такія абмежаванні Еўрарадыё пацвярджаюць ва упраўленні адукацыі Мінскага аблвыканкама. Але паездку васьмікласнікаў "на бульбу" узгаднілі мясцовыя ўлады.
"Учора працавалі другі дзень. У гэтай гаспадарцы 240 гектараў бульбы, таму не хапала сілаў. У нас было распараджэнне, усё ўзгоднена, гэта было рашэнне райвыканкама", ― апісваюць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Маладзечанскага райвыканкама.
29 верасня прыбіраць бульбу арганізацыі "Усход-Агра" дапамагала каля 500 чалавек. Сярод іх было 70-80 школьнікаў з некалькіх школ. Як даведалася Еўрарадыё, гаспадарка мае нават тры камбайны для прыборкі!
Працоўная сіла школьнікаў спатрэбілася, “бо на полі шмат камянёў”, якія перашкаджаюць камбайнам.
"Усё залежыць і ад надвор'я. Былі дажджы. Падчас дажджоў не маглі капаць. У нас на палях шмат камянёў, камбайнам іх не адсартуеш. Каля 60% зямель ёсць, дзе можна камбайнам. А на 40% мы далучаем і беспрацоўных з біржы, і вучняў. Пасля ім аплачваецца праца", ― тлумачаць на прадпрыемстве “Усход -Агра”.
Беспрацоўныя на палях сапраўды капаюць бульбу. А ў якасці заробку атрымліваюць... тую ж бульбу, не грошы.
У той трагічны дзень, калі Віка была "на бульбе", у яе мусіла быць шэсць урокаў: фізіка, фізкультура, матэматыка, французская мова, беларуская мова і літаратура. Пахаванне дзяўчынкі адбудзецца 1 кастрычніка, у суботу.