Як сябе паводзіць у маразы: не абгортваць твар шалікам і перад выхадам паесці
5 студзеня ў Беларусі адбываецца рэзкае паніжэнне тэмпературы, моцны вецер і завіруха. 6 студзеня ў Мінску ўжо каля 20 градусаў марозу. Па словах спецыялістаў, вулічная тэмпература ўспрымаецца значна ніжэйшай за сапраўдную — прыкладна як 25 градусаў ніжэй за нуль.
Еўрарадыё разам з лекарамі склала спіс парад, як правільна апранацца ў марознае надвор’е і што есці перад тым, каб надоўга пайсці на вуліцу. Каб не змерзнуць падчас лютых халадоў, перш за ўсё, трэба добра апранацца. Паводле словаў сталічнай лекаркі Анастасіі Картэль, вопратка мусіць быць свабоднай.
“Абутак і вопратка мусяць быць свабоднымі, ні ў якім разе не шчыльнымі. Лепей апрануць шматслойныя штаны і некалькі швэдраў пад куртку. Куртка мусіць закрываць ніжнюю частку тулава. Абутак патрабуе тоўстых падэшваў, чым яны таўсцей, тым лепш. Пажадана, каб шкарпэткі былі з авечай воўны. Калі звычайныя, лепей надзець некалькі пар”, — кажа доктар.
Анастасія дадае, што вельмі дапамагае тэрмабялізна і мембранная адзенне. А вось абгортваць твар шалікам не рэкамендуе. Бо калі ў гэты час размаўляць, шалік пакрываецца вільгаццю. На рукі лепш надзець не пальчаткі, а рукавіцы, каб пальцы былі разам. Шапка, вядома, мусіць прыкрываць вушы.
Перад тым, як выходзіць на вуліцу, лекары рэкамендуюць паесці. Але гэта не значыць, што трэба наядацца да адвалу. Есці трэба столькі, каб хапіла. Дарэчы, ужываць алкаголь для сагравання лекары катэгарычна не рэкамендуюць, адзначае Анастасія Картэль:
“Калі чалавек недзе будзе доўга стаяць, трэба штосьці цёплае прыняць у ежу. Гэта можа быць цёплы булён ці іншая добрая цёплая небагатая ежа. Можна прыхапіць з сабой на вуліцу тэрмас з цёплым пітвом”.
Калі чалавек у холад знаходзіцца на вуліцы, абавязкова трэба варушыцца, працягвае доктар.
“Трэба не стаяць на месцы, а пахадзіць, паскокаць, наколькі гэта дазваляе сітуацыя. Калі чалавек адчувае, што ў яго мерзнуць рукі ці ногі, трэба рабіць рухі пальцамі ног, пальцамі рук. Гэта паляпшае кровазварот і дапамагае сагрэцца”.
Сіноптыкі паведамляюць, што 6 студзеня цыклон Axel, які цяпер пануе ў Беларусі, сыдзе ў Расію, але моцныя маразы затрымаюцца да наступнага тыдня. Гавораць нават, што ў выходныя ноччу будзе каля -32 градусаў.
Узнікае натуральнае пытанне, а ці можна будзе афіцыйна не выйсці на працу ў такія маразы? Паводле артыкула 89 Працоўнага кодэкса Беларусі, адным з галоўных абавязкаў наймальнікаў з'яўляецца "забеспячэнне бяспечных і здаровых ўмоваў працы". Але ў законе няма гаворкі пра тое, як супрацоўнік дабярэцца да працоўнага месца. У нарматыўных дакументах пазначана толькі дапушчальная тэмпература ў памяшканнях. Таму, нягледзячы на тое, што 30 градусаў ніжэй за нуль відавочна небяспечныя для здароўя, застацца ў гэтыя дні дома не атрымаецца. Хіба толькі будаўнікі, дворнікі ды іншыя спецыялісты, якія працуюць на вуліцы, могуць патрабаваць выходныя. Але і гэта залежыць ад працадаўцы.
А вось школьнікам пашанцавала больш. Іх могуць вызваліць ад заняткаў пры марозе ў -25 градусаў. Канікулы скончацца ў панядзелак. Такое пытанне вырашае мясцовая адміністрацыя, якая і мусіць паведаміць бацькам ды вучням пра дадатковыя выхадныя.