Як выглядае каляндар з малюнкамі палітвязня Паўла Севярынца
Каляндар з малюнкамі Паўла Севярынца / kroplia.by
Нядаўна выйшаў каляндар на 2023 год з малюнкамі палітвязня Паўла Севярынца. Цяпер жа стала вядома, як ён выглядае.
"Мы выдалі каляндар на 2023 год з малюнкамі Паўла і з яго словамі пра веру, Бога і Беларусь, — піша яго жонка Вольга Севярынец. — Каляндар называецца "Беларусь — гэта святое". Малюнкі і словы Паўла мы некалькі год збіралі з лістоў, якія ён піша і дасылае [сыну] Францішку... Для нас... гэта больш, чым проста звычайны каляндар. Гэта рэч поўная сэнсу, прыгажосці, любові і болю".
Вольга Севярынец адзначае, што ў календары змешчаныя цытаты на кожны месяц, малюнкі вядомых беларускіх храмаў і каляндарная сетка па месяцах. На кожны месяц прадугледжаны новы малюнак і новая цытата.
Палітык і пісьменнік Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня 2020-га. У траўні 2021 года ён быў асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму "за арганізацыю масавых беспарадкаў". Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Севярынец знаходзіцца ў шклоўскай папраўчай калоніі № 17.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.