Якія прэзідэнцкія выбары самыя ліберальныя

Якія прэзідэнцкія выбары самыя ліберальныя

Прэзідэнцкія выбары звычайна супадаюць з лібералізацыяй і нават з "разгулам дэмакратыі". Апазіцыя атрымлівае магчымасць расказаць пра сябе далёкім ад палітыкі людзям праз пікеты і дзяржаўныя СМІ. А ў 2010 годзе мы нават мелі шчаслівую магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць, як выглядае такое дзіва, як “парад пікетаў” ды “вайна лістовак”.

Лібералізацыю назіраем і сёлета. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, кантроль за гэтай выбарчай лібералізацыяй ажыццяўляе сам… кіраўнік дзяржавы.

Лідзія Ярмошына: “Да, яна будзе і далей працягвацца! Прэзідэнцкія выбары заўжды даюць значна большы “выбух магчымасцяў”. Напэўна таму, што тут кантроль за гэтым ажыццяўляе сам кіраўнік дзяржавы, па вялікім рахунку. І ўсе гэта ведаюць. А калі праходзяць выбары на нізавым узроўні, то тут шмат даецца на самастойнае рашэнне мясцовых уладаў. Але ўсё ж такі я думаю, што яны паспрабавалі гэты смак і зразумелі, што нічога дрэннага не адбываецца, калі ўсё дазволіць. Наадварот — менш канфліктаў”.

Не было лібералізацыі перад кожнымі прэзідэнцкімі выбарамі, пярэчыць старшыні ЦВК палітолаг Валерый Карбалевіч. Маўляў, у 2001 годзе рэжым быў яшчэ “ў падлеткавым узросце” і апазіцыя мела пэўныя магчымасці манеўру, а на выбарах 2006 года замест большай свабоды былі рэпрэсіі. Паміж лібералізацыямі 2010 года і сёлетняй суразмоўца Еўрарадыё вялікіх адрозненняў не бачыць.

“Хіба, што дзяржаўныя медыя тады больш актыўна крытыкавалі апазіцыю. Цяпер да апазіцыі стаўленне нейтральнае. Калі і крытыкуюць, то Статкевіча і радыкальную частку, а Караткевіч хутчэй нават хваляць, альбо ацэньваючы станоўчы”.

Гэтак жа не бачаць ніякіх адрозненняў паміж лібералізацыямі 2010 і 2015 гадоў палітолаг Аляксандр Класкоўскі і начштаба кандыдатаў у прэзідэнты на абодвух гэтых выбарах Андрэй Дзмітрыеў.

Дзеля цікавасці зазіраю ў архіў “галоўнай” газеты краіны “СБ-Беларусь сегодня”. У 2001 годзе выбарчыя матэрыялы выходзяць пад адным загалоўкам “Вместе! А.Г.ЛУКАШЕНКО — НАШ ПРЕЗИДЕНТ”. У з’едлівай форме крытыкуюцца апаненты кандыдата Лукашэнкі. Інакш, як клоунамі аўтары артыкулаў іх не малююць.

У якой атмасферы праходзілі наступныя выбары, добра ілюструецца артыкулам “"Революция" отменяется...”. Гэта, нагадаю, калі старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заявіў, што “КДБ стала вядомая пра падрыхтоўку сілавога захопу ўлады радыкальнай беларускай апазіцыяй 19-20 сакавіка”. Тады ж яшчэ нас палохалі атручанай дохлымі пацукамі вадой у вадаправодах…

А што робіцца сёлета! Вы маглі сабе ўявіць яшчэ месяц таму, што ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта па выніках выступу Таццяны Караткевіч па БТ будзе надрукаваны артыкул з загалоўкам “Таццяна Караткевіч абяцае маладым сем’ям даступнае жыллё”?!

А пачытайце агульную ўлётку кандыдатаў, надрукаваную Цэнтрвыбаркамам. З яе пра трох з чатырох кандыдатаў мы можам даведацца толькі: калі нарадзіўся, дзе служыў-вучыўся-працаваў, якія пасады займаў, куды абіраўся. А пачытайце пра Караткевіч: “…вострыя надзённыя праблемы грамадзян вырашала”, тым, хто “трапіў у крызісныя сітуацыі дапамагала”, “актыўна супраць ушчыльнення двароў змагалася”, і сына “выхоўвае”, а не проста “мае”, як іншыя кандыдаты. Ну, дакладна — разгул дэмакратыі!

Цікаўнасць дзяржаўным СМІ да асвятлення дзейнасці альтэрнатыўных кандыдатаў звязаная з тым, што ў сапернікаў дзеючага кіраўніка краіны… няма грошай на вартую і шумную выбарчую кампанію, нечакана заяўляе Андрэй Дзмітрыеў.

“На тых выбарах у дэмакратычнай апазіцыі рэсурсаў было значна больш, мы і так былі паўсюль заўважныя. Цяпер жа робім кампанію за вельмі абмежаваны рэсурс, і тут улада з дапамогай сваіх СМІ вымушаная гэта рабіць — афішаваць наш удзел у кампаніі”.

Ну, і не трэба забывацца, што сёлета кандыдаты не атрымалі грошай на друк агітацыйнай прадукцыі — грошы забраў і ўзяў на сябе гэты абавязак ЦВК.

Што яшчэ можна сказаць пра падабенства перадвыбарчай лібералізацыі розных гадоў? Што пасля выбараў яна заканчваецца гэтак жа раптоўна, як і пачынаецца. Тое ж, упэўнены Аляксандр Класкоўскі, будзе і гэтым разам.

“Я не думаю, што гэты курс улады прыцягнуць і пасля выбараў. Ну, ужо біцця па галовах вялікага не будзе, бо асабліва і няма каго біць, але на нейкую “кіраваную дэмакратыю” Лукашэнка яшчэ сто разоў падумае, каб пайсці”.

Фота Змітра Лукашука і Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі